Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: “Гусьлям, княжа, ня пішуць ліцэнзій”


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Народная Воля” высьвятляла, які кампраміс знайшлі Галіна Жураўкова і ўлады. Чаму экс-кіраўніца справамі прэзыдэнта, нягледзячы на судовы прысуд, ня трапіла ў калёнію? Журналісты газэты спрабуюць знайсьці адказы на гэтыя пытаньні.

Вячаслаў Оргіш працягвае дасьледаваць тэму кан’юнктуры ў гістарычнай навуцы. Чым небясьпечныя гістарычныя паралелі? Чаму выбіраючы тэму дысэртацыі трэба сачыць за кан’юнктурай? Да абмеркаваньня тэмы прыцягнутыя амаль усе бакі.

Чытайце ў “Народнай Волі” пра віртуальную вайну ўнучкі з бабуляй. Сайт інвалідаў Аўганістана атакавалі невядомыя. Пацярпелым ня можа дапамагчы нават Віктар Шэйман.

“Наша Ніва” пад загалоўкам “Гусьлям, княжа, ня пішуць ліцэнзій” распавядае пра разьвітальны канцэрт ліцэнзійнага гурту NRM. Аўтар артыкулу шукае адказ на пытаньне: “Чаму ўлады адмовілі ў ліцэнзіі вядомаму рок-гурту”.

На пытаньні “Нашай Нівы” адказваюць Уладзімір Колас і Аляксандр Мілінкевіч. На старонках газэты яны выказваюцца наконт сваіх палітычных прыярытэтаў.

“Наша Ніва” распавядае пра скандал у Чэхіі вакол былога супрацоўніка чэскай вайсковай выведкі Рамана Лінэра. Чэскія газэты спасылаюцца на інфармаваныя крыніцы, паводле якіх супрацоўнік сакрэтнай службы працаваў на беларускія спэцслужбы.

“Комсомольская правда” распавядае пра фотавыставу Даяны Ўокер з часопісу “Тайм”. У Менску Даяна Ўокер прадэманструе, што ёй ўдалося зьняць за дваццаць гадоў у Белым Доме. Яна здымала ня толькі так званы афіцыёз. Фотакарэспандэнтка зрабіла некалькі здымкаў прэзыдэнтаў Рэйгана, Буша, Клінтана ў нефармальнай абстаноўцы. Даяна Ўокер хоча сфатаграфаваць Аляксандра Лукашэнку.

“Камсамолка” паведамляе пра затрыманага 54-гадовага мужчыну, які падазраецца ў тым, што цягам двух гадоў гвалціў жанчын сталага ўзросту пад Мар’інай Горкай. Сьледчыя дапытваюць мужчыну. Літаральна пару тыдняў таму чыноўнікі міністэрства ўнутраных справаў абяцалі журналістам, што хутка зловяць злачынцу.

А газэта “Брестский курьер” дзьве паласы газэты прысьвяціла тэме ўсебеларускага страйку прадпрымальнікаў. На першай паласе зьмясьцілі фотаздымкі зачыненых шапікаў на рынку. У Берасьцейскай вобласьці больш за 20 000 прадпрымальнікаў. Большасьць з іх далучыліся да страйку.

“КГБ ці КПП” – пад такім загалоўкам газэта надрукавала ліст чытача да Аляксандра Лукашэнкі. Ён напісаў ліст у абарону свайго сына, які служыць на мытні і знаходзіцца ў так званай “распрацоўцы”. Бацька сам раней служыў на дзяржаўнай мяжы і праводзіць паралелі. Ён просіць спыніць перасьлед з боку сьледчых і аб’ектыўна разабрацца ў сутнасьці справы.
XS
SM
MD
LG