Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паўторныя выбары ў Горадні: улёткі апазыцыйнага кандыдата канфіскавалі


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №52 20 сакавіка адбудуцца паўторныя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Зарэгістраваныя чатыры кандыдаты. У панядзелак і аўторак на тэлеканале “Лад” і на гарадзенскім абласным радыё выступілі са сваімі праграмамі два кандыдаты з чатырох. Чаму так адбылося?

Лідэр агітацыйнай кампаніі кандыдат ад уладаў — рэктар Гарадзенскага унівэрсытэту Сяргей Маскевіч. Праз паўтара дні пасьля рэгістрацыі кандыдатаў выбаршчыкі знайшлі ў паштовых скрынках улёткі зь ягоным партрэтам. Каманда апазыцыйнага кандыдата Сяргея Антусевіча падала ў выбарчую камісію з гэтай нагоды скаргу. Сяргей Антусевіч тлумачыць:

(Антусевіч: ) “Проста нерэальна ў пятніцу пасьля абеду заключыць дамовы з друкарняй, аплаціць усе рахункі, надрукаваць і аддаць людзям. Мы палічылі, што па часе гэта нерэальна проста выканаць. Магчыма, што гэта было зроблена загадзя. Натуральна, што тут быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс, пра які я казаў”.

У самога Антусевіча ўсё атрымалася зусім інакш. Людзі ў цывільным з чырвонымі пасьведчаньнямі забралі з друкарні наклад ягоных улётак. Кандыдату так і не ўдалося высьветліць, дзе ягоныя ўлёткі. Ён гаворыць:

(Антусевіч: ) “Ніхто не зьбіраецца нам іх ні вяртаць, ні аднаўляць. Друкарня вярнула грошы на рахунак выканкаму. Фактычна гэта выдаткі, якія панесла друкарня, і яна з гэтымі выдаткамі згодна”.

Вось у такіх няроўных умовах даводзіцца працаваць кандыдату ад уладаў і кандыдату ад апазыцыі.

Мы ўспаміналі пра выступы кандыдатаў на тэлебачаньні і радыё – чаму ж прагучалі толькі два выступы? Другі кандыдат ад апазыцыі генэрал Валеры Фралоў у прызначаны час не прыехаў на тэлебачаньне, каб запісаць свой выступ. У яго запатрабавалі даведку аб тым, што ён меў на гэта паважную прычыну. У выніку ўсяго ягоны выступ не запісалі. А на радыё, як мне сказаў сам генэрал, ён таксама ня стаў запісвацца.

Як мне ўдалося даведацца, другі кандыдат ад уладаў Васіль Міхно, які працуе дырэктарам каледжу, адмовіўся ад выступу. Мясцовая апазыцыя лічыць, што Міхно для ўладаў — запасны кандыдат. Вось меркаваньне кіраўніка абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Сяргея Мальчыка:

(Мальчык: ) “У гэтым супрацьстаяньні — за каго прагаласуюць выбаршчыкі, за Антусевіча ці за Маскевіча? — рэальнае вылучэньне Міхно і правядзеньне агітацыйнай кампаніі можа спрацаваць супраць другога стаўленьніка ўладаў, супраць спадара Маскевіча. Таму зразумела, я думаю, што сцэнар быў такі: Міхно будуць да апошняга трымаць у сьпісе, але ніякай агітацыі праводзіць за яго ня будуць менавіта для таго, каб не паслабляць пазыцыю Маскевіча”.

Спадар Мальчык зазначае, што на выбарах у гэтай акрузе ўвосень сцэнар быў такі ж, але ўлады не пралічылі свае дзеяньні. Свайго асноўнага кандыдата яны прымусілі зьняць кандыдатуру ў самы апошні момант. Напэўна, на папярэднім галасаваньні нямала бюлетэняў было ўкінута за яго, таму гэтыя бюлетэні сталі несапраўднымі. Сфальшаваць штосьці не дало добра наладжанае назіраньне з боку апазыцыйнага кандыдата, таму ў рэшце рэшт было абвешчана, што выбары ў 52-й акрузе не адбыліся.
XS
SM
MD
LG