Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Вайтовіч узначаліў “рэйтынг прымальнасьці” патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта


Валер Каліноўскі, Менск Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў апублікаваў вынікі дасьледаваньня пад назвай “Пэрспэктывы дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты”. У ім выведзены “рэйтынг прымальнасьці” 10 асобаў беларускай палітыкі, якія прэтэндуюць на становішча адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Што гэта за спэцыфічны рэйтынг і хто ж у ім лідзіруе? Заяўленая мэта праекту – садзейнічаць зацікаўленым палітычным сілам у вызначэньні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Аўтар гэтага праекту прафэсар Алег Манаеў назваў яго па-сучаснаму – “Матрыца прымальнасьці”. На падставе нацыянальных сацапытаньняў, апытаньняў лідэраў думак і экспэртаў, разнастайных кантактаў прафэсар Алег Манаеў зрабіў ацэнкі прымальнасьці тых або іншых магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты для асноўных суб’ектаў уплыву на беларускую палітыку. Да такіх суб’ектаў аднесеныя электарат, дэмакратычныя сілы, намэнклятура, Расея і Захад. Ня ўлічаны толькі Аляксандар Лукашэнка зь ягоным атачэньнем, паколькі, на думку аўтара, для яго нейкі іншы, дэмакратычны кандыдат непрымальны ў прынцыпе.

І найбольш пунктаў прымальнасьці адносна гэтых суб’ектаў атрымаў акадэмік Аляксандар Вайтовіч, на другім месцы – генэрал Валеры Фралоў, трэцяе-чацьвёртае падзялілі Васіль Лявонаў і Аляксандар Ярашук, далей ідуць Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Колас, Андрэй Клімаў і Мікола Статкевіч.

Машэравай, Казуліна, Гайдукевіча, нейкіх прадстаўнікоў намэнклятуры ў сьпісе няма, таму што аўтарамі разглядаліся толькі прэтэндэнты ад дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці. Пакуль нельга сказаць, што гэтыя сілы, ці, прынамсі, іх большасьць прызналі сваімі Аляксандра Казуліна, Натальлю Машэраву ці Пятра Краўчанку. Хаця сытуацыя можа і зьмяніцца. Дый напэўна яшчэ зьменіцца, мяркую, што гэта не апошні такі рэйтынг канкурэнтаў Лукашэнкі. Аднак паасобку пакуль што ніхто з іх не можа наблізіцца да рэйтынгу дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Чым жа вылучаецца сярод дзесяткі вядомых палітыкаў, якія трапілі ў рэйтынг (Статкевіч, Фралоў, Мілінкевіч, Лябедзька, Лявонаў ды іншыя), акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які заняў першае месца? Паводле аўтара “Матрыцы прымальнасьці” апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду прафэсара Алега Манаева, у Аляксандра Вайтовіча ёсьць два ключавыя адрозьненьні ад іншых кандыдатаў. У прымальнасьці для электарату і дэмакратрычных сілаў ён не вылучаецца сярод іншых. А вось што да беларускай намэнклятуры, то тут у яго істотныя перавагі.

Перш за ўсё таму, што ён займаў высокую пасаду Старшыні Савета Рэспублікі, а перад гэтым быў прэзыдэнтам НАН, і што ён ня так даўно выпаў з намэнклятурнага слою, прычым вярнуўся ў акадэмію і актыўна там працуе. Акрамя таго, паводле прафэсара Манаева, спадар Вайтовіч найбольш прымальны і для расейскага істэблішмэнту. Напрыклад, тыдзень таму ён сустракаўся са сьпікерам Савету Федэрацыі Сяргеем Міронавым, адзначае прафэсар Манаеў:

(Манаеў: ) “Такім чынам, гэтыя два суб’екты, якія ўплываюць на беларускую палітыку – гэта Расея і намэнклятура, для іх гэтая кандыдатура зьяўляецца больш прымальнай, чым, напрыклад, Анатоль Лябедзька. Таму Вайтовіч і апынуўся на першым месцы”.

Як рэагуюць на публікацыю гэтага “рэйтынгу прымальнасьці” тыя палітыкі, якія прэтэндуюць на становішча адзінага кандыдата, ці задаволеныя яны сваім месцам? Аўтар працы прафэсар Алег Манаеў чакаў, што рэакцыя фігурантаў гэтага сьпісу будзе супярэчлівай. Так яно і выглядае. Аляксандар Вайтовіч, які паводле высноваў прафэсара Манаева, мае найбольшы рэйтынг прымальнасьці, досыць стрымана ўспрыняў гэтую вестку:

(Вайтовіч: ) “Я ня ведаю, як гэта рабілі, як апытвалі, так, мне было сказана, што гэта было зроблена, а як зроблена, я ня ведаю. Таму камэнтар даваць я не магу. Магу сказаць толькі мае думкі, якім павінен быць кандыдат. Пажадана, каб ён меў найбольшую падтрымку з тых, хто выступае супраць Лукашэнкі. І трэба выбраць такога чалавека, які б меў найбольшыя шанцы атрымаць больш галасоў на выбарах”.

А вось Анатоль Лябедзька, які трымае шостае месца, зазначыў, што трэба ўлічваць фактар сацыялягічных апытаньняў, розных рэйтынгаў, але лічыць распрацоўку прафэсара Манаева суб’ектыўнай:

(Лябедзька: ) “Патрэбна ня проста нейкая табліца ці схема, а трэба яе расшыфраваць, за гэтым павінна нешта быць. Альбо сацыялёгія, альбо нейкія дасьледаваньні. Схему кожны можа намаляваць зыходзячы са свайго бачаньня”.

Дарэчы будзе сказаць, што аўтар рэйтынгу Алег Манаеў зазначае, што дасьледаваньне пабудаванае менавіта на навуковых зьвестках. А вось Мікола Статкевіч, які займае ў рэйтынгу апошняе, дзесятае месца, у прынцыпе не давярае зьвесткам НІСЭПД, ён кажа, што тут трэба шукаць замоўцу:

(Статкевіч: ) “Паглядзіце, хто там самы прымальны, мабыць, гэта і ёсьць замоўнік. На жаль, у НІСЭПД ёсьць пэўныя моманты, там часам замоўнік атрымоўвае лепшыя вынікі”.
XS
SM
MD
LG