Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыны Марыніча правялі брыфінг у Вашынгтонскім офісе Радыё Свабода


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Сёньня ў Вашынгтонскім бюро Радыё Свабода прайшоў брыфінг з сынамі зьняволенага Міхаіла Марыніча, Ігарам і Паўлам Марынічамі. Паездку па ЗША і краінах Эўразьвязу арганізавала для іх зьнешнепалітычнае ведамства Латвіі, як сказаў Павал Марыніч, у знак дыпляматычнае салідарнасьці з бацькам, былым паслом Беларусі ў Латвіі.

Галоўнай мэтай сустрэчаў зь дзяржаўнымі і грамадзкімі арганізацыямі ЗША браты Марынічы бачаць шырокае інфармаваньне пра сытуацыю з грамадзянскімі правамі ў Беларусі, і ў прыватнасьці, пра зьняволеньні па палітычных матывах.

Крымінальны перасьлед Міхаіла Марыніча, сын Ігар пракамэнтаваў ляканічна – мэтай рэжыму было ізаляваць бацьку як палітычнага апанэнта. Дзеля гэтага выбралі адзін з найбольш традыцыйных мэтадаў любога таталітарнага рэжыму – фальсыфікацыю і зьняволеньне.

Паводле Ігара Марыніча, перамога аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне ўскладніла пазыцыю Лукашэнкі і падштурхнула яго да больш жорсткага стаўленьня да палітычных апанэнтаў. Гэтым Ігар часткова тлумачыць жорсткасьць прысуду Міхаілу Марынічу і апошні віток рэпрэсіяў і кадравых перастановак у сілавых структурах. Жорсткі прысуд па беспадстаўных абвінавачваньнях – гэта своеасаблівы адказ тым у дзяржаўным апараце, хто сымпатызуе апазыцыі і спадзяецца на зьмены падобныя да ўкраінскіх, зазначыў ён.

Браты Марынічы лічаць, што час традыцыйнага выбарчага працэсу для Беларусі скончыўся. Выбары, цалкам падкантрольныя рэжыму, жаданых палітычных зьмен не прынясуць.

Таму, на іхную думку, галоўны акцэнт зараз трэба перанесьці на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, каб тыя эканамічныя патрабаваньні, якія выстаўляюць, скажам, прадпрымальнікі, маглі выліцца ў палітычныя патрабаваньні.

На думку Паўла Марыніча, зьнішчэньне незалежнай ад рэжыму нацыянальнай бізнэс эліты на Беларусі праз забойствы і змушаную іміграцыю, стварыла складаную сытуацыю з унутраным фінансаваньнем апазыцыйных рухаў.

Палітычнае змаганьне патрабуе арганізацыі і затрат, а несьці іх няма каму. Цяпер лідэрства ў гэтым, на іх думку, перайшло на дробных прадпрымальнікаў. Але сацыяльнай базай для беларускай рэвалюцыі яны бачаць усе слаі насельніцтва, ад прадпрымальнікаў, да наёмных работнікаў, студэнтаў, інтэлігенцыі і намэнклятуры. А адсутнасьць крытычнай палітычнай актыўнасьці – ў татальным панаваньні дзяржаўнай прапаганды.

На пытаньне, ці ня бачаць яны сябе ў ролі палітыкаў, браты Марынічы адказалі, што палітычных амбіцыяў ня маюць, і што будуць працаваць на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці з усімі палітычнымі партыямі, якія падзяляюць іх мэту – зьмену рэжыму і усталяваньне дэмакратычнай арыентаванай на Эўропу Беларусі.
XS
SM
MD
LG