Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаргонская палітыка


Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Назвы многіх беларускіх гарадоў і мястэчак замацаваліся ня толькі ў выглядзе кропачак на мапе. Праз показкі ды цьвялілкі яны праніклі і ў фразэалёгію. Ад паважнага – не за дзень Вільня станавілася – да пакеплівага – у Нясьвіжы людзі хіжы: салому таўкуць – бліны пякуць, сена смажаць – бліны мажуць. Ці яшчэ: у Пінску, у Слуцку ўсё не па-людзку, а ў горадзе Мінску – усё там па-сьвінску. Няхай не крыўдуюць на мяне жыхары згаданых гарадоў, бо зь песьні, як той казаў, слова ня выкінеш.

У горадзе Смаргоні, ці Смургонях, я, на жаль, ніколі не бываў. У Мазыры напамін пра яго я бачыў толькі на водаправодных люках з надпісам па-расейску: Сморгонь. Ня ўсе ведаюць, што гэты горад прычыніўся да ўзьнікненьня новых фразэмаў. У тлумачальным слоўніку вядомага расейскага мовазнаўцы Ўладзімера Даля ёсьць згадка пра смаргонскага студэнта. У нашай мове з гэтым горадам зьвязаныя дзьве сынанімічныя фразэмы: смаргонская палітыка й смаргонская акадэмія.

Першая ня мае ніякага дачыненьня да палітыкі ўнутранай ці вонкавай; гэтак жа й другая аніяк не зьвязаная з сыстэмай адукацыі. Сэнс фразэмы смаргонская палітыка становіцца зразумелым, калі згадаць, што смаргонскімі студэнтамі былі... мядзьведзі. Іх утаймоўвалі, вучылі рабіць розныя штукі на забаву паспалітаму люду. Мядзьведзь хай танцуе, а цыгану хай на сала шанцуе. Пра мэтады навучаньня здагадацца няцяжка: бізун ды пернік. Сам мядзьведзь у народным уяўленьні ўвасабляў нязграбнасьць, нехлямяжасьць: варочаецца, як мядзьведзь; ходзіць, як мядзьведзь; згорбіўся, як мядзьведзь на скоках.

Мабыць, з гэтых прычынаў выраз смаргонская палітыка набыла значэньне грубага, медзьведзяватага абыходжаньня. Грубыя захады пры разьвязаньні далікатнае праблемы, адсутнасьць ветлівасьці й тактоўнасьці ў паводзінах зь людзьмі – усё гэта мае найменьне смаргонскае палітыкі.
XS
SM
MD
LG