Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух арганізатараў прадпрымальніцкага страйку пакаралі штрафам і арыштам


Любоў Лунёва, Менск 2-га сакавіка суд Цэнтральнага раёна Менску пакараў актывістку АГП Марыну Багдановіч і лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку штрафам і арыштам за арганізацыю вулічнай акцыі прадпрымальнікаў 1 сакавіка.

Судзьдзя Аляксей Бычко першай разглядаў адміністрацыйную справу Марыны Багдановіч. На паседжаньні прысутнічалі яе паплечнікі і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Судзьдзя адхіліў хадайніцтва Марыны Багдановіч, якая прасіла, каб яе абараняў грамадзкі прадстаўнік Барыс Звозкаў.

Міліцыянты абвінавацілі Марыну Багдановіч у арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця да будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Сьведкі з боку міліцыі нагадалі ёй у судзе, што яна выступала перад мітынгоўцамі на несанкцыянаваным уладамі мітынгу. Марына Багдановіч абурылася толькі тады, калі яе абвінавацілі і ў тым, што дала мікрафон віцэ-прэм’еру Андрэю Кабякову.

Яна спыталася, чаму ў такім выпадку на віцэ-прэмера таксама не склалі пратакол за выступ на несанкцыянаваным мітынгу.

Судзьдзя пакараў Марыну штрафам 200 базавых велічыняў (гэта чатыры мільёны васемсот тысячаў рублёў). Адразу пасьля агалошваньня прысуду Марына Багдановіч так пракамэнтавала яго Радыё Свабода:

(Багдановіч: ) “Я не разумею, чаму за звычайныя эканамічныя патрабаваньні, зь якімі я выступіла, мяне прыцягнулі да такой адказнасьці. Я з жахам думаю, дзе мне ўзяць такую суму: усёй маёй маёмасьці ня хопіць, каб заплаціць такі штраф. У мяне на ўтрыманьні двое дзяцей – паўнагадовы сын і непаўнагадовая дачка. Калі пачула суму, то ў мяне быў папросту шокавы стан. Такія грошы я не змагу зарабіць цягам году. Скардзіцца? Гэта ж ня першы суд. Судзілі шмат маіх сяброў і ўсе абскарджваньні выкідваюцца ў сьметніцу. Мне папросту шкада нашых юрыстаў, якія дапамагаюць і робяць катаржную працу. А потым яна адным рухам рукі выкідаецца са сталоў у сьметніцу”.

Анатоль Шумчанка наагул не ўдзельнічаў у шэсьці. Ён сышоў зь мітынгу за гадзіну да таго, як прадпрымальнікі вырашылі пайсьці да будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Яго затрымалі ўвечары ў мікрараёне Уручча, калі ён ішоў да сваіх знаёмых. Анатоль паведаміў, што ноч яго трымалі ў дзяжурнай частцы міліцыі.

Літаральна тыдзень таму Анатоль выйшаў на волю пасьля 10 сутак арышту за распаўсюд газэты “Коммерсант” на рынку ў Ждановічах. Ён не чакаў, што яго зноў арыштуюць.

(Шумчанка: ) “Бяспраўе поўнае. Пасьля той адсідкі 10 сутак – гэта цяжка, бо самаадчуваньне кепскае. Спадзяюся, што здужаю. Улада ізалюе мяне ад грамадзтва. Бачыць патэнцыйную пагрозу ад мяне. Я маю намер жыць далей у гэтай краіне. Нікуды не зьяжджаць. Як-небудзь выберуся з гэтага. А потым, сапраўды, зраблю тое, што задумаў зрабіць. Настане час – і ўсе даведаюцца аб гэтым”.

Адвакат Анатоля Шумчанкі, зважаючы на сур’ёзныя праблемы свайго падабароннага са здароўем, параіў яму выклікаць “хуткую дапамогу” у міліцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG