Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыя пра страйк – “падрыў дзяржаўнага ладу”?


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Актывісту прадпрымальніцкага руху ў Пінску Сяргею Касьцюковічу абвешчана папярэджаньне. Яго пакаралі за распаўсюд улётак, дзе распавядалася пра страйк прадпрымальнікаў.

У другой палове дня 2 сакавіка Сяргея Касьцюковіча запрасілі на паседжаньне адміністратыўнай камісіі Пінскага гарвыканкаму. На гэтым паседжаньні яму было прад’яўленае абвінавачваньне ў распаўсюдзе на рэчавых рынках гораду інфармацыйных бюлетэняў “Камэрсант”, дзе апавядалася пра намер прадпрымальнікаў распачаць страйк у абарону сваіх правоў і супраць спагнаньня падатку на даданую вартасьць у гандлі з Расеяй.

Міліцыянты, якія складалі пратакол, вырашылі, што ў бюлетэнях няма ня толькі выходных дадзеных, але і ягоны зьмест скіраваны “на падрыў дзяржаўнага ладу”.

Заўвагі спадара Касьцюковіча не былі прынятыя да ўвагі і яго, фактычна, прызналі адным з арганізатараў страйку пінскіх гандляроў, які распачаўася яшчэ 1 лютага і цягнецца дагэтуль. Сяргею Касьцюковічу абвешчана папярэджаньне, але сам ён ня ўпэўнены, што справа абмяжуецца толькі гэтым рашэньнем.

(Касьцюковіч: ) “Я ня ведаю, ідзе пазыцыйная барацьба і ўлады назіраюць, што будзе далей. Калі будзе каманду – будуць больш жорсткія захады”.

Варта дадаць, што актывістамі прадпрымальніцкага руху ў Берасьці таксама зацікавіліся праваахоўныя органы. Некаторых зь іх запрасілі на размовы ў дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, а таксама у КДБ.
XS
SM
MD
LG