Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень страйку ў Горадні: народу было значна менш


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня гарадзенскія прадпрымальнікі зноўку зьбіраліся ў парку Жылібэра апоўдні. Людзей было значна менш, чым учора, але яны накіраваліся да будынку абласной улады.

Прадпрымальнікі спачатку перайшлі з парку на плошчу Леніна, пастаялі там каля гадзіны, а потым пайшлі да будынку аблвыканкаму, гэта — зусім блізка. Уваход у выканкам ланцугом перакрылі маладзёны ў цывільным, а потым зьявіўся яшчэ адзін ланцуг—міліцыянтаў.

У гэты момант прадпрымальнікаў было прыблізна 600-700 чалавек. Яны пачалі выклікаць старшыню аблвыканкаму Уладзімера Саўчанку. Аднак замест яго зь дзьвярэй выйшаў ягоны намесьнік Аляксандар Радзевіч, які выходзіў да прадпрымальнікаў і ўчора. Зноўку, як і ўчора, адбылася безвыніковая размова.

Меркаваньне аднаго з удзельнікаў сёньняшняй акцыі:

(Спадар: ) “Справа ў тым, што зьбіраюцца прадпрымальнікі, якія лічаць толькі сваю капейку. Нейкія грамадзкія пытаньні іх не цікавяць. Адбілі капейку—добра, не—хвост апусьцілі і зноў выйшлі гандляваць. Ніхто ня выйдзе наперад і ня скажа—пойдзем за мной! Таму што ўсе ведаюць, што заўтра атрымаюць штрафы альбо трапяць на суткі. Але тое, што народ зьбіраецца, бударажыць горад—гэта вялікі плюс. Паціху-паціху яны паказваюць грамадзтву, што ня ўсё спакойна ў “дацкім каралеўстве”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Зьміцер Іваноўскі ўжо двое сутак сядзіць за кратамі. Яго пакаралі 15-дзённым арыштам за арганізацыю мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 лютага. А ўдзельнікі сёньняшняй акцыі пратэсту вырашылі зноўку сабрацца заўтра.
XS
SM
MD
LG