Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія дробныя гандляры працягваюць страйк


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве працягваецца страйк дробных прадпрымальнікаў. Частка прыватных крамаў сёньня аднавіла працу, аднак усе рэчавыя рынкі і большасьць прыватных гандлёвых цэнтраў страйкуюць. З Магілёва перадае наша карэспандэнтка.

Сёньня а 12-й гадзіне магілёўскія прадпрымальнікі зноў прыйшлі на цэнтральную плошчы горада, да будынку аблвыканкаму. Сабраліся больш за паўтысячы чалавек.

Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў абласнога цэнтру Сяргей Фамін.

(Фамін: ) “Мы хочам, каб нашыя чыноўнікі данесьлі да кіраўніцтва краіны, што сапраўды людзі не могуць працаваць. Гэта проста крык душы, апошні “рубікон”, за якім фактычна ідзе пазбаўленьне працоўных месцаў”.

Прадстаўнікі прадпрымальнікаў сустрэліся са старшынём Магілёўскага аблвыканкаму Барысам Батурам. Ён паабяцаў накіраваць кіраўніцтву краіны ліст, дзе выкладзены патрабаваньні прыватных гандляроў. Аднак удзельнікі акцыі пратэсту ў Магілёве вырашылі працягваць страйк, пакуль не будзе скасаваны падатак на даданую вартасьць на расейскія тавары.

(Спадарыня: ) “Мы ўсю краіну падтрымліваем і спадзяемся на нешта. Бо ўся краіна страйкуе сёньня. Цяпер у нас адбіраюць нашыя крыхі, а заўтра нас выселяць з нашых кватэраў, таму што мала нашай дзяржаве!”

Магілёўскія прыватнікі ўпэўненыя, што вырашэньне іх праблемы залежыць толькі ад Аляксандра Лукашэнкі.

(Спадарыня: ) “Ён заводзіць нас у тупік. Проста мы застанёмся бяз працы, страцім свае працоўныя месцы. Людзі выкінутыя на вуліцу. З такімі людзьмі, якія ня маюць матэрыяльных даброт, прэзыдэнту, відаць, выгадна кіраваць”.

Страйкоўцы скардзяцца, што чыноўнікі іх не разумеюць, таму што назіраюць за жыцьцём народу праз вокны сваіх аўтамабіляў.

(Спадарыня: ) “10 гадоў таму нас загналі на гэты рынак, таму што два-тры месяцы не плацілі заробак. Цяпер мы як костка ў горле, мы ўсім перашкаджаем. Што мы не просім, што мы не прыніжаемся, што мы не маўчым. А чаму мы павінны маўчаць?”

Магілёўскія прадпрымальнікі вырашылі зноў сабрацца на плошчы Леніна 4 сакавіка.
XS
SM
MD
LG