Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанка заяўляе, што арыштаваны забойцы Гангадзэ; ці мае Кучма дачыненьне да забойства?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У аўторак прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка паведаміў пра арышт падазраваных у забойстве ў 2000 годзе журналіста Георгія Гангадзэ, вядомага сваімі артыкуламі пра карупцыю на вяршынях улады. Тады зьнікненьне, а празь некалькі месяцаў і знойдзены абезгалоўлены труп Гангадзэ, выклікалі масавыя пратэсты ва Ўкраіне. Апазыцыя выказвала абвінавачаньні тагачаснаму прэзыдэнту краіны Леаніду Кучму ў датычнасьці да трагедыі. Учора Віктар Юшчанка аднавіў гэтыя падазрэньні, калі сказаў, што ўрад Кучмы прыкрываў забойцаў.

У студзені, калі Віктар Юшчанка заняў крэсла прэзыдэнта, ён заявіў, што адным з найважнейшых ягоных абавязкаў – давесьці да канца расьсьледаваньне забойства Георгія Гангадзэ. І зрабіў ён гэта ў рэкордны тэрмін. Але, – заявіў учора ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка, – зараз, калі забойцы журналіста арыштаваныя, важна высьветліць, хто замовіў злачынства:

(Юшчанка: ) “Сёньня мая галоўная задача разам з праваахоўнымі органамі высьветліць самае галоўнае – хто арганізоўваў і замаўляў забойства. Акурат да гэтага этапу зараз дабіраецца расьсьледаваньне. З майго гледзішча, тое, што забойства не было раскрытае цягам чатырох з паловаю гадоў і што яно было раскрытае за некалькі тыдняў новай улады, сьведчыць пра адно: папярэдняя ўлада ня толькі ня мела палітычнай волі яго раскрыць, ня толькі не жадала гэтага, але – што важна сёньня заявіць – папярэдняя ўлада была дахам для забойцаў”.

Гэтыя словы прэзыдэнта супадаюць зь меркаваньнямі многіх украінцаў. Празь некалькі тыдняў, як было знойдзенае абезгалоўленае цела Гангадзэ, шырокая публіка пазнаёмілася з аўдыёзапісам, зробленым ахоўнікам Кучмы. На стужцы нехта з голасам, як меркавалася, Кучмы аддае загад чалавеку з голасам, падобным на голас міністра ўнутраных справаў, разабрацца з Гангадзэ.

Кучма цьвердзіў тады, што стужкі былі фальшывымі. Аднак, тое, што расьсьледаваньне злачынства ня рухалася наперад, толькі ўмацоўвала падазрэньні, што адміністрацыя Кучмы ў тым не зацікаўленая. Пацьверджаньнем таму могуць быць і наступныя падзеі.

У 2003 годзе новапрызначаны генэральны пракурор Сьвятаслаў Піскун заявіў, што раскрые справу Гангадзэ цягам 6 месяцаў. Пасьля допыту афіцэраў міністэрства ўнутраных справаў, ён аддаў загад арыштаваць міністра, генэрала Аляксея Пукача як падазраванага ў датычнасьці да забойства. Неўзабаве пасьля арышту Пукача, Кучма звольніў Піскуна з пасады генэральнага пракурора і перавёў яго працаваць у Раду нацыянальнай абароны і бясьпекі. Затым Кучма прызначыў Генадзія Васільева новым генэральным пракурорам, і расьсьледаваньне заглохла.

Учора прэзыдэнт Віктар Юшчанка сказаў, што зараз становяцца зразумелым, чаму генэрал Васільеў распусьціў усю сьледчую брыгаду, якая займалася справай Гангадзэ, а менавіта: каб справа гэтая ніколі не была раскрытая.

Міраслава Гангадзэ, жонка забітага журналіста, якая ў 2001 годзе атрымала статус уцекача ў ЗША, сказала Радыё Свабода ўсьлед за Юшчанкам, што яна ня будзе лічыць справу завершаннай, пакуль людзі не даведаюцца, хто замаўляў забойства ейнага мужа.

(Гангадзэ: ) “Я думаю сказаць, што забойства раскрытае, можна будзе толькі тады, калі будуць названыя і выканаўцы, і тыя, хто замаўляў яго. Пакуль што ніводнага прозьвішча з тых, хто замаўляў, мы не пачулі”.

Сваякі ж іншых украінскіх журналістаў, забітых у апошнія гады, і чые забойствы так і не раскрытыя, будуць спадзявацца, што і іхныя справы будуць перагледжаныя, гэтак жа, як і справа Георгія Гангадзэ.

Гл. таксама • Ці будзе ў сувязі з забойствам Гангадзэ арыштаваны Кучма? • Былы начальнік СІЗА Алкаеў лічыць, што ў Беларусі справы зьніклых можна было таксама раскрыць вельмі хутка • Ірына Красоўская з нагоды заявы Юшчанкі: “Я вельмі спадзяюся, што тое самае адбудзецца і ў Беларусі” • Vox Populi: “Ці магчыма ў Беларусі раскрыцьцё палітычных зьнікненьняў?”
XS
SM
MD
LG