Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень страйку: амонаўцы разагналі некалькі соцень прадпрымальнікаў, якія сабраліся на Кастрычніцкім пляцу


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня – другі дзень агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў. Нагадаем, яны пратэстуюць супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць. Акцыя, у якой бяруць удзел дзесяткі тысяч людзей, суправаджаецца няўплатай падаткаў у бюджэт краіны. Таксама, нагадаем, што ўчорашняя спроба прадпрымальнікаў дамагчыся ў Менску сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб перадаць патрабаваньні, ня мела посьпеху: АМОН спыніў шэсьце да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. А сёньня ў Менску міліцыянты разагналі несанкцыянаваны сход прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.

На Кастрычніцкай плошчы Менску сабралася каля трох соцень прадпрымальнікаў розных сталічных рынкаў. Паводле зьвестак грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, гэтыя рынкі ня працавалі. Як і ўчора, галоўным патрабаваньнем бізнэсоўцаў была адмена падатку на дабаўленую вартасьць. Прапановы прадстаўнікоў ураду, на думку ўдзельнікаў акцыі, непрымальныя:

(Спадар Аляксандар: ) “Кабякоў сказаў учора: зробім аптовыя базы”.

(Спадар Мікалай: ) “Пра базы гэта “бред”, вядома”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Згінуць прадпрымальнікі дробныя–жанчыны з валізкамі. У іх няма гроша лётаць у Кітай”.

(Спадар Аляксей: ) “Я хачу купіць такі тавар, якога б ня было ў іншых хаця б 2-3 тыдні”.

(Спадарыня Валянціна: ) “А па тэлевізіі ўчора абвясьцілі, што індывідуальныя прадпрымальнікі павінны самі прымушаць расейцаў, а ня ўрад мусіць дамаўляцца”.

(Спадар Віктар: ) “Калі самі сабе не дапаможам, нічога ня будзе”.

(Спадар Аляксандар: ) “А Шумчанку забралі”.

На Кастрычніцкай плошчы былі толькі шараговыя бізнэсоўцы. Нягледзячы на адсутнасьць арганізатараў акцыі і лідэраў, міліцыянты абвясьцілі яе несанкцыянаваным сходам і загадалі разысьціся:

(Міліцыянт: ) “Часу вам, каб разысьціся, 10 хвілін. У іншым выпадку ў дачыненьні да гэтай групы – несанкцыянаванага сходу – будзе ўжытая фізычная сіла”.

Прадпрымальнікі разыходзіцца адмовіліся. І тады на плошчу былі выведзены каля сотні амонаўцаў. Яны выцесьнілі ўдзельнікаў акцыі з плошчы.

(Спадарыня Надзея: ) “Як статак кароваў гоняць перад сабой”.

(Спадарыня Алена: ) “Слава ня даюць сказаць”.

(Спадарыня Вера: ) “Хай будзе праклятая гэтая краіна”.

(Спадарыня Галіна: ) “Добра ганяюць”.

(Спадар Уладзімер: ) “КГБ працуе хітра – яны здымаюць, потым будуць выклікаць на пашпартны кантроль”.

(Спадарыня Зінаіда: ) “Я ўжо нічога ня баюся. Мне б на хлеб зарабіць, але мне ня даюць”.

Нягледзячы на папярэджаньне міліцыянтаў пра магчымае пакараньне ўдзельнікаў акцыі ў выніку яе паўтарэньня, прадпрымальнікі паабяцалі прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і заўтра.

Гл. таксама • Пратэсты ў Менску: Віцэ-прэм’ер заявіў прадпрымальнікам, што падатак адменены ня будзе
XS
SM
MD
LG