Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясковец на ўласныя сродкі паставіў помнікі землякам, якія ваявалі


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйскі раён Сёлета будзе адзначацца 60-годзьдзе заканчэньня другой усясьветнай вайны. Цяпер пра гэтую вайну шмат пішуць і шмат гавораць. А вось жыхар вёскі Слабодка, што ў Бабруйскім раёне, у гонар сваіх землякоў, вэтэранаў вайны паставіў помнік – самастойна і на свае ўласныя сродкі.

Я пазнаёмілася зь сельскім пэнсіянэрам Яўгенам Календам, які паставіў два помнікі жыхарам сваёй роднай вёскі – тым, якія загінулі на вайне і тым, якія вярнуліся жывымі.

Спадар Яўген – вэтэран вайны. Разам з ім пайшлі ў войска чатыры яго сябры, аднаклясьнікі. Яны загінулі, і месцы іх пахаваньняў невядомыя. Вось ім і хацеў паставіць помнік спадар Яўген.

Гэта быў пачатак 1980-х гадоў: ён тады знайшоў у лесе і трактарам прыцягнуў вялікі камень, на ім усталяваў пліту з 14 прозьвішчамі – вырашыў ушанаваць памяць усіх аднавяскоўцаў, якія загінулі на вайне. Потым здабыў у вайсковым гарадку гармату і паставіў стэлу з фотаздымкамі. Так ля вёсцы Зацішша, якая цяпер далучана да суседняй Слабодкі, зьявіўся помнік ахвярам вайны, які зрабіў Яўген Календа. Ён напісаў і верш, які ёсьць на помніку.

(Календа: )

“Да многіх загіблых ня прыйдуць, У многіх няма родных і блізкіх. Аднавяскоўцам і сябрам Мы ставім камяні ды абеліскі.

Яны ж там маладыя і ўсё жыцьцё будуць маладымі на фотакартках, праўда? А мы ўжо сыходзім старымі…”

Як у вяскоўца ўзьнікла ідэя паставіць помнік тым землякам, якія вярнуліся жывымі з вайны? Спадар Яўген лічыць несправядлівым, што памяць пра людзей, якія ваявалі і якім пашчасьціла вярнуцца жывымі, не ўшанаваная. Пройдуць гады, іх імёны і прозьвішчы забудуць, лічыць вэтэран. І ён вырашыў выправіць сытуацыю. Насупраць помніка тым, хто загінуў, ён паставіў 16-тонны камень з плітой. На ім – 28 прозьвішчаў, зь іх цяпер жывыя толькі чатыры чалавекі. Сярод прозьвішчаў – бацька Яўгена Календы і ён сам.

Колькі ж каштавала спадару Яўгену ўсталяваньне двух помнікаў? Першы помнік, які быў зроблены за савецкім часам, каштаваў на тыя грошы каля 2,5 тысяч рублёў. Гэта былі вялікія грошы, безумоўна, можна было набыць аўтамабіль. Што датычыцца другога помніка, то спадар Яўген ужо і не лічыў – тут 10 тысячаў рублёў, там пляшка гарэлкі за працу. Выдаткі прыстойныя, але вэтэран гаворыць, што грошай яму не шкада. Маўляў, грашовыя знакі мала чаго каштуюць, а дорага каштуюць жыцьцё і памяць.

Як паставіліся ўлады да таго, што вясковец сам ставіць помнікі вэтэранам вайны? Спадар Яўген распавёў, што за савецкім часам мясцовыя ўлады нават увагі на яго намаганьні не зьвярталі. З новым помнікам, які быў усталяваны летась, улады таксама не дапамагалі, але і не перашкаджалі. І ўжо на заканчэньне працы, калі ў краіне разгарнулася сьвяткаваньне 60-годзьдзя заканчэньня вайны, у Бабруйскім райвыканкаме дапамаглі пакласьці плітку і прызначылі адказных за прыбіраньне помніку.

Увагу “вэртыкалі” спадар Яўген цэніць, бо, на ягоную думку, захаваньне помнікаў у шмат чым залежыць ад уладаў. Хаця разам з тым гаворыць, што гэтыя вялізныя камяні-помнікі ніхто не прыбярэ і не адсуне, а спадчыньнікі людзей, чые імёны ёсьць на помніках, будуць прыглядаць за імі. Тым больш што на сваёй зямлі ля помнікаў вэтэран пасадзіў дрэвы і марыць, што праз колькі гадоў каля вуліцы Зацішанскай вёскі Слабодка будзе мэмарыяльны комплекс і месца адпачынку. І гэтым самым і ён, Яўген Календа, застанецца ў памяці людзей.
XS
SM
MD
LG