Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым дапаможа Ўсясьветны банк чарнобыльцам?


Юлія Шарова, Менск Пра гэта паведаміў дырэктар банку ва Ўкраіне, Беларусі й Малдове Пол Бэрмінгем, які знаходзіўся ў Менску зь візытам. Такім чынам, аднаўляецца супрацоўніцтва беларускага ўраду з гэтай арганізацыяй у справе рэалізацыі сумесных праектаў, якая фактычна была спыненая яшчэ два гады таму.

Што прадугледжвае чарнобыльскі праект Усясьветнага банку ў Беларусі ды які ягоны кошт? Увогуле, база для падрыхтоўкі гэтага праекта зьявілася ў 2002 годзе, калі быў зроблены Агляд наступстваў аварыі на ЧАЭС і праграмаў іх пераадоленьня. Але пасьля таго, як кіраўніцтва краіны раскрытыкавала ўжо зроблены і ўзгоднены праект па барацьбе са СНІДам і тубэркулёзам, працу над чарнобыльскай праграмай згарнулі.

Цяпер яна зноў распачалася. Зараз у Менску знаходзіцца ўжо другая місія банка, у якую ўваходзяць адмыслоўцы ў эканамічных ды экалягічных праблемах. Дырэктар адзела Ўсясьветнага банка Пол Бэрмінгем спадзяецца, што гэтым разам справа будзе даведзеная да канца.

(Бэрмінгем: ) “Мы верым у тое, што для нас магчымы пасьпяховы працяг працы над праектам, які дапаможа палепшыць жыцьцёвыя ўмовы на пацярпелых тэрыторыях. І мы спадзяемся, што Ўсясьветны банк зможа адобрыць дамову пра выдачу крэдыту на гэтыя мэты ў канцы гэтага году”.

Кошт праекту адносна невялікі — 45 мільёнаў даляраў. Гэта выклікае нараканьні ў некаторых экспэртаў, бо вядома, што эканоміка Беларусі ў выніку чарнобыльскай аварыі панесла страты амаль на 13 мільярдаў даляраў. Аднак прадстаўнікі Ўсясьветнага банку цьвердзяць, што праект павінен даць менавіта эканамічны, а не фінансавы эфэкт. Ён скіраваны пераважна на стварэньне новых працоўных месцаў у пацярпелых раёнах, падвышэньне прыбыткаў тамтэйшага насельніцтва й адпаведна паляпшэньне ўмоваў жыцьця. То бок, гэта будзе не гуманітарная дапамога, а проста інвэстыцыі ад донарскай арганізацыі.

Два асноўныя кірункі чарнобыльскага праекта — разьвіцьцё патэнцыялу лясной гаспадаркі і аптымізацыя цеплазабесьпячэньня. Тры гады таму, калі магчымасьць такога праекта толькі пачыналі абмяркоўваць, кірункаў было болей, у тым ліку гаворка ішла пра стымуляваньне прыватнага бізнэсу. Аднак пакуль, зважаючы на невялікі аб’ём фінансаваньня, вырашылі абмежавацца двума кірункамі. У будучыні праект можа пашырыцца, гэтага не выключае Пол Бэрмінгем.

А ці магчымае вяртаньне Ўсясьветнага банку да праекта па барацьбе са СНІДам і тубэркулёзам у Беларусі? Як мы казалі, праект быў гатовы ўжо тры гады таму, але праграму замарозілі: праект прадухіленьня распаўсюду ВІЧ-СНІДу й тубэркулёзу быў жорстка раскрытыкаваны ўладамі. Аляксандар Лукашэнка тады наўпрост абвінаваціў Усясьветны банк у жаданьні прадаць Беларусі танныя заходнія тавары. (Усясьветны банк, як вядома, фінансуе толькі тыя праекты, у якія інвэстуюць грошы ўрады краінаў, ён дае толькі дадатковыя сродкі.) Беларускі лідэр заявіў тады, што беларускіх сухотнікаў ня будуць лекаваць заходнімі прэзэрватывамі, і неўзабаве ўрад афіцыйна адмовіўся ад ужо гатовага праекта.

Пакуль чыноўнікі не выказвалі жаданьня вярнуцца да яго, але, са словаў Пола Бэрмінгема, некаторыя станоўчыя зрухі ўсё ж зьявіліся.

(Бэрмінгем: ) “Мы разумеем, што ўрад гатовы дзейнічаць у справе вырашэньня гэтай праблемы. Нядаўна была падпісаная дамова з Глябальным фондам барацьбы са СНІДам, тубэркулёзам і малярыяй пра выдачу гранта. Мы вельмі ўсьцешаныя з таго, што гэта адбылося. Тут мы далі рады, падзяліліся сваім досьведам. Глябальны фонд – гэта якраз тая арганізацыя, зь якой мы цесна супрацоўнічаем, і мы зычым ёй посьпехаў у гэтым пачынаньні”.
XS
SM
MD
LG