Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы дапамогуць шукаць зьніклых беларускіх палітыкаў?


Ігар Карней, Менск Упаўнаважаны ў правох чалавека Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Лукін абвясьціў пра неабходнасьць стварэньня адмысловай экспэртнай рады па Беларусі. Адной з галоўных мэтаў рады, у склад якой мяркуецца ўвесьці прадстаўнікоў як ад Расеі, так і ад Беларусі – магчымасьць узбуджэньня і разгляду крымінальных справаў аб палітычных зьнікненьнях у Беларусі. Што сталася падставай да такога кроку на тле традыцыйна нэўтральнай пазыцыі Расеі да падзеяў у Беларусі?

Трэба сказаць, што гэта не адзіная ініцыятыва: у камітэце па правох чалавека пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі, дзе кіраўніком вядомая ў Расеі грамадзкая і палітычная дзяячка Эла Панфілава, будзе створаная сталая сэкцыя ў пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі. Прычым, як абяцае сама Панфілава, гэтая сэкцыя запрацуе літаральна цягам тыдня-паўтара.

Зь іншага боку, амбудсмэн (упаўнаважаны ў правох чалавека) Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Лукін абвясьціў пра неабходнасьць стварэньня адмысловай экспэртнай рады па Беларусі, галоўнай мэтай якой – пачатак слуханьняў крымінальных справаў аб палітычных зьнікненьнях у Беларусі. Гэтая ініцыятыва куды больш сур’ёзная ў намерах, але тэрміны яе ажыцьцяўленьня сам спадар Лукін акрэсьлівае як рэальныя.

Што да таго, чаму нават звышкансэрватыўная ў стасунках зь Беларусьсю Расея радыкальна перагледзела стаўленьне да беларускага кіраўніцтва і патрабуе аб’ектыўнага дасьледаваньня справаў зьніклых, а таксама захаваньня асноўных правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі, то магчыма, справа яшчэ і ў актыўнасьці зацікаўленых асобаў у самой Беларусі. Днямі ў Маскве адбылася, бадай, самая прадстаўнічая сустрэча расейскіх і беларускіх праваабаронцаў. Блізу трох дзесяткаў расейцаў, сярод якіх згаданыя ўжо Лукін і Панфілава, а таксама кіраўнік Савету па зьнешняй і абароннай палітыцы Сяргей Караганаў, дырэктар інстытуту правоў чалавека Валянцін Гефтэр ды іншыя выслухалі пазыцыю беларускіх калегаў і зрабілі пэўныя высновы.

Адна з удзельніцаў той сустрэчы, праваабаронца цэнтру “Вясна” Тацяна Равяка, расказвае пра бліжэйшыя пляны расейскага боку:

(Равяка: ) “Бліжэйшым часам на запрашэньне камісіі ў правох чалавека пры прэзыдэнце Расеі ў Маскву паедуць родныя зьніклых. У прыватнасьці, я ведаю, што зьбіраецца туды Зінаіда Ганчар на запрашэньне Элы Панфілавай, якая гэта канстатавала адразу як вырашанае пытаньне. І ўвогуле, відаць, Расея выпрацавала канцэпцыю стаўленьня да праблемаў у Беларусі, пра якія гавораць і Эўразьвяз, і ЗША, але да якіх Расея альбо не займала ніякай пазыцыі, альбо абыходзілася замоўчваньнем, альбо, як у выпадку з выбарамі, выказвала поўную падтрымку вынікаў, якія вельмі цяжка прыняць за сапраўдныя”.

Упаўнаважаны ў правох чалавека Расейскай Фэдэрацыі Уладзімер Лукін, а таксама кіраўніца аднайменнага камітэту пры прэзыдэнце Расеі Эла Панфілава абвясьцілі пра неабходнасьць стварэньня адмысловых прававых “падразьдзяленьняў”, адной з мэтаў якіх ёсьць пачатак крымінальных справаў аб палітычных зьнікненьнях у Беларусі. Ці дазваляе гэта зрабіць заканадаўчая база?

Нагадаю, што падобныя ініцыятывы былі агучаныя падчас нядаўняй сустрэчы расейскіх і беларускіх праваабаронцаў у Маскве. У адной з удзельніц таго круглага стала, супрацоўніцы праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяны Равякі, я таксама пацікавіўся: якім чынам у Расеі могуць быць распачатыя крымінальныя справы супраць беларускіх асобаў, якія могуць мець дачыненьне да зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага? На што спадарыня Равяка адназначна адказала: падобныя ініцыятывы цалкам могуць быць рэалізаваныя ў межах міждзяржаўных пагадненьняў, якія існуюць паміж Беларусьсю і Расеяй. Мэханізмы іх выкананьня дылетанту мала што скажуць, аднак, яшчэ раз перакажу словы дасьведчанай асобы – перашкодаў тут няма ніякіх.

Дарэчы, як распавяла Тацяна Равяка, расейскія праваабаронцы, гаворачы пра Беларусь, усё часьцей вымушаныя збочваць у палітычнае поле, асабліва пасьля мінулагодніх выбараў і рэфэрэндуму.

(Равяка: ) “Зьвярталася ўвага, што Беларусь так і не падпісала міждзяржаўную Канвэнцыю аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых свабодаў і правоў, прынятую ў 2002 годзе. Беларусь гэтую канвэнцыю не падпісала. Іншымі словамі, патрэбныя нейкія мэханізмы працы з пэўнымі структурамі ў Беларусі дзеля таго, каб нашае ўнутранае выбарчае заканадаўства зьмянялася ў бок дэмакратызацыі хоць бы ў межах гэтай дамоўленасьці… Але ўвогуле, вельмі цікавы паварот адбыўся ў стасунках паміж беларускімі і расейскімі праваабаронцамі, і будзем чакаць канкрэтнага выніку ад гэтай сустрэчы”.
XS
SM
MD
LG