Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы ў БДУ працягваюцца, а Казулін заклікае былых калег “падняцца з каленяў”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Казулін перадаў у мэдыі свой зварот да былых калегаў, зь якім яму не ўдалося выступіць на паседжаньні вучонай рады ўнівэрсытэту. Былы рэктар заклікае супрацоўнікаў БДУ “падняцца з каленяў” і заяўляе, што цяпер ягонай сям’ёй “будзе ўвесь беларускі народ”.

Ініцыятар стварэньня руху “Воля народу” Аляксандар Казулін накіраваў яшчэ адзін зварот у мэдыі. Гэтым разам ён зьвярнуўся да сваіх калегаў зь Белдзяржунівэрсытэту. Казулін заклікаў іх “падняцца з каленяў” і “не дазваляць прыніжаць гонар нацыянальнага ўнівэрсытэту”.

Аляксандар Казулін абвінаваціў прэзыдэнта ў нежаданьні весьці дыялёг з іншадумцамі. “Мы яму падалі руку, але ўсё, што адбываецца цяпер, наводзіць на думку, што ўладзе патрэбныя не нашыя выцягнутыя рукі, а нашыя працягнутыя ногі”, – заявіў Аляксандар Казулін і падмацаваў гэта зьвесткамі пра рэпрэсіі супраць ініцыятараў руху “Воля народу”.

Два з ініцыятараў ужо звольненыя з працы. Пацярпеў і сын аднаго з падпісантаў.

Чаму Аляксандру Казуліну не ўдалося самому зачытаць зварот тым, каму ён быў адрасаваны?

28 лютага Аляксандар Казулін зьявіўся на пашыранае паседжаньне вучонай рады ўнівэрсытэту як дзейны прафэсар. Спачатку ахоўнікі паспрабавалі выдаліць Казуліна з залі, але той выйсьці адмовіўся.

Тады пытаньне аб прысутнасьці Аляксандра Казуліна паставіў на галасаваньне рэктар Васіль Стражаў. Спадара Стражава падтрымалі толькі некалькі чалавек з больш чым ста прысутных. Пра далейшыя падзеі на вучонай радзе апавяла адна з выкладчыц унівэрсытэту, якая папрасіла не называць яе імя.

(Выкладчыца: ) “На трыбуну Казулін не выходзіў: ён зь месца сказаў, што хоча зьвярнуцца да вучонай рады, бо яна прымае рашэньні што да ягонай дзейнасьці, а яму нават не задаюць ніякіх пытаньняў. Але тут Стражаў і сябры прэзыдыюму падняліся і выйшлі з залі, і выступіць яму не ўдалося, бо пад пагрозьлівым позіркам Стражава пайшлі і ўсе астатнія”.

У прэсавай службе ўнівэрсытэту кажуць, што падзеі адбываліся інакш. Вось што заявіла Радыё Свабода прэс-сакратар БДУ Вольга Шчадрына:

(Шчадрына: ) “Галасаваньне, я падкрэсьліваю гэта, было не за тое, каб выдаліць Аляксандра Ўладзіслававіча з залі. Калі Казулін заявіў, што ён ёсьць рэктарам унівэрсытэту, абраным і гэтак далей, тады Васіль Іванавіч паставіў пытаньне, ці даваць яму слова”.

Паводле Вольгі Шчадрыной, рэпрэсіяў супраць Аляксандра Казуліна і ягоных сваякоў і аднадумцаў у БДУ няма. Звольненыя супрацоўнікі сышлі па асабістым жаданьні.

На паседжаньні вучонай рады БДУ ў панядзелак прысутнічалі карэспандэнты дзяржаўных выданьняў, якіх асабіста запрасіла прэсавая служба. Нікога зь незалежных мэдыяў на мерапрыемства не запрашалі. Карэспандэнт газэты “Народная воля” Алесь Сівы, які спрабаваў здымаць удзельнікаў паседжаньня, быў гвалтам выдалены з будынку.
XS
SM
MD
LG