Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Касьцян: “ЗША хочуць, каб у Беларусі быў іхны ўрад, якім бы яны кіравалі з Вашынгтону”


Уладзімер Глод, Менск Афіцыйны Менск рэагуе на справаздачу аб правах чалавека ў Беларусі. Справаздача, якую распаўсюдзілі Бюро ў справах дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзярждэпартамэнту ЗША і ў якой рэзка крытыкуецца становішча ў гэтых сфэрах у Беларусі, выклікала ў Менску першую рэакцыю афіцыйных структураў.

Намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян, якому я коратка пераказаў тэкст справаздачы, удакладніў толькі адно – кім яна падрыхтаваная. Калі ён пераканаўся, што справаздача зробленая ў Вашынгтоне, спадар Касьцян адразу пачаў камэнтаваць гэты дакумэнт:

(Касьцян: ) “Ну, што тут можна сказаць? Злучаныя Штаты Амэрыкі хочуць, каб у Беларусі быў іхны ўрад, іхны парлямэнт, якімі б яны кіравалі адтуль з Вашынгтону, можа, праз Брусэль, а можа, праз Варшаву. Гэта іхная галоўная задача на гэты час. Але ж ім трэба было б спачатку разгледзець у сябе правы чалавека, якіх там няма. Якія ж гэта правы чалавека, калі мільёны амэрыканцаў выйшлі на плошчы і вуліцы супраць вайны ў Іраку, а на гэта ніхто не зьвярнуў увагі. А тых, хто супраціўляўся гэтай вайне, паарыштоўвалі, і ў турмы пакідалі, і з работы пазвальнялі, і журналістаў зволілі, і тэлекамэнтатараў. Вось іхнія правы чалавека. Як кажуць, у сваім воку і бервяна не бачаць, а ў чужым шукаюць парушынку”.

Міністэрства замежных справаў Беларусі пакуль вывучае справаздачу. Вось што сказаў намесьнік прэсавага сакратара Руслан Есін:

(Есін: ) “Нашыя экспэрты цяпер вывучаюць тэкст справаздачы. Мы з гэтай нагоды будзем падрабязна размаўляць у чацьвер падчас брыфінгу. Таму цяпер абмяркоўваць нешта, на мой погляд, заўчасна”.
XS
SM
MD
LG