Лінкі ўнівэрсальнага доступу

95% прадпрымальнікаў Гомеля падтрымалі агульнанацыянальны страйк


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці агульнанацыянальны страйк падтрымалі прадпрымальнікі абласнога цэнтру, Рэчыцы, Сьветлагорску, Жлобіну, Рагачову ды іншых гарадоў. Распавядае наш гомельскі карэспандэнт.

У Гомелі сёньня на працу ня выйшлі каля 95% прадпрымальнікаў Цэнтральнага, Прудкоўскага рынкаў. Цалкам не працавалі Давыдаўскі рынак, шэраг аўтамабільных кірмашоў.

Гутару з прадпрымальнікамі Цэнтральнага рынку:

(Няпомняшчых: ) “Улады паставілі нас у такія ўмовы, што заўтра нам прыйдзецца сысьці ўсім. Нашы дзеці будуць галодныя, нашы сем’і будуць галодныя. Наша ўлада можа толькі катацца на лыжах, гуляць у хакей, а пасьля падаваць гэта, як вялікія дасягненьні”, – кажа Ўладзімер Няпомняшчых.

Прадпрымальніцу Ганну Сяргейчыкаву прызналі інвалідам Чарнобылю, але праз колькі гадоў інваліднасьць скасавалі. Яна вымушана была ісьці гандляваць на рынак.

(Сяргейчыкава: ) “Я – хворы чалавек, стаю на рынку, утрымліваю ўжо 9 гадоў мужа-інваліда. Цяпер мяне пазбаўляюць куска хлеба. Я не зарабляю ні на катэдж, ні на мэрсэдэс. Я проста хачу зарабіць кавалак хлеба”.

Апоўдні дзесяткі дробных бізнэсоўцаў з розных рынкаў гораду пікетавалі будынак аблвыканкаму. Гаворыць прадпрымальніца Давыдаўскага рынку:

(Прадпрыймальніца: ) “Мы не ад добрага жыцьця прыйшлі сюды. Нас чакае крах. Мы і так плацім 100 даляраў – падатак, 100 даляраў – месца. А яшчэ за сэртыфікат, ліцэнзію, сацыяльнае страхаваньне. У каго ёсьць наёмныя рабочыя, тым трэба сплаціць розных падатках ды збораў яшчэ на 500 даляраў. Калі мы яшчэ і падатак на дададзеную вартасьць пачнём плаціць, – усё, поўны крах. Няхай нашы ўлады падумаюць пра гэта”.

Апрача адмены падатку на даданую вартасьць, прадпрымальнікі дамагаюцца спрошчаных умоваў працы:

(Каўдзерка: ) “Мы сплачваем адзіны падатак. Заплаціў яшчэ наверх 50 адсоткаў за імпартовы тавар, і на гэтым для прадпрымальніка ўсё павінна закончыцца. Ніякіх іншых дакумэнтаў! Гэтага ўпаўне дастаткова”, – лічыць Аляксандр Каўдзерка зь Фядзюнінскага аўтарынку.

Тых, хто сабраўся каля аблвыканкаму, міліцыя не чапала.

А вось у Рэчыцы міліцыянты сарвалі выезд замоўленага аўтобуса, на якім паўсотні дробных бізнэсоўцаў зьбіраліся ад’ехаць у Менск для ўдзелу ў мітынгу пратэсту.
XS
SM
MD
LG