Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскіх прадпрымальнікаў затрымалі па дарозе ў Менск


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць На Меншчыне агульнанацыянальны страйк падтрымалі прадпрымальнікі найбуйнейшых райцэнтраў вобласьці. Ад сёньняшняга дня прыпынілі працу гандляры Барысава, Жодзіна, Салігорску, Слуцку, Маладэчна і іншых гарадоў.

Барысаўскія рынкі сёньня пуставалі. Частка прадпрымальнікаў прыйшла выказаць пратэст з нагоды ўвядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць да будынка гарвыканкаму.

Другая частка на чале зь лідэрам тутэйшай суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктарам Гарбачовым накіравалася ў Менск на Кастрычніцкую плошчу. Аднак у дарозе спадар Гарбачоў быў затрыманы міліцыянтамі. Паводле прадпрымальнікаў, яго затрыманьне ініцыявалі барысаўскія ўлады. Як зазначыў бізнэсоўца Анатоль Бельскі, яны незадаволены тут прадпрымальніцкай актыўнасьцю:

(Бельскі: ) “На сёньняшні дзень прадпрымальнікі маюць рашучасьць. Учора мэр Барысава Бургун сабраў прадпрымальнікаў і 30 чалавек выклікаў да сябе, каб пакараць іх за страйк 10 лютага. Але ў падтрымку іх прыйшло 300 чалавек прадпрымальнікаў. Вельмі прыемна бачыць такую салідарнасьць прадпрымальнікаў”.

Удзел у бестэрміновым страйку бярэ і каля тысячы прадпрымальнікаў Салігорску. Некалькі дзесяткаў зь іх таксама сёньня наведалі Менск. Увядзеньне падатку на дабаўленую вартасьць, як вынікае з тлумачэньня салігорскіх удзельнікаў акцыі пратэсту, робіць іх банкрутамі.

(Аляксандар: ) “З нас на сёньняшні дзень працу згубілі мінімум тысячу чалавек”.

(Алена: ) “Хай нам прадставяць працу на 1000 даляраў, як абяцае наш прэзыдэнт. І мы кінем гэты рынак, ліцэнзіі і пойдзем працаваць”.

(Аляксандар: ) “Калі прыватны прадпрымальнік трымае дзьве кропкі, то пазбаўляецца ён працы. а зь ім і два гандляры”.

(Натальльля: ) “Я не ўяўляю, як мы будзем жыць. Калі ня адменяць гэты падатак”.

Салігорцы лічаць непрымальнай сёньняшні заклік віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова спыніць пратэст і вярнуцца на працоўныя месцы.
XS
SM
MD
LG