Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Менску: Віцэ-прэм’ер заявіў прадпрымальнікам, што падатак адменены ня будзе


Юлія Шарова, Менск У Менску на Кастрычніцкім пляцы сёньня сабраліся каля трох тысяч гандляроў зь менскіх рынкаў, а таксама прадстаўнікі прадпрымальніцкіх суполак з розных гарадоў, якія падтрымалі страйк. Першапачаткова плянавалася, што сёньня прадпрымальнікі перададуць кіраўніку краіны зварот з патрабаваньнем адмяніць падатак на даданую вартасьць (ПДВ), але ў выніку абмежаваліся мітынгам на прыступках Палацу рэспублікі. Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымалі ў руках плякаты з надпісамі “Далоў ПДВ!”

Прадпрымальнікі, зь якімі я гутарыла на Кастрычніцкім пляцы, лічаць, што дзяржава хоча зьнішчыць дробны бізнэс, і таму яны прыйшлі абараніць свае правы.

(Спадар: ) “Каму перашкаджаюць людзі, якія зарабляюць на сябе? На іншых людзей зарабляюць, плацяць падаткі”.

(Спадарыня: ) “Ідзе [інафармацыя] з радыё і з тэлевізіі, як быццам мы нічога ня плацім. А мы вельмі вялікія грошы плацім дзяржаве”.

(Спадар: ) “Хочацца проста спакойна жыць і працаваць, вось і ўсё”.

Кастрычніцік пляц, Менск

Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, які выступіў на мітынгу, заклікаў прысутных захоўваць парадак ды не выгукваць палітычных лёзунгаў.

(Шумчанка: ) “Вы памятаеце, што мы зьвярталіся да ўраду. Нас праігнаравалі. І ўрад сказаў, каб мы ішлі да прэзыдэнта. Таму мы тут, сёньня прыйшлі да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі як да гаранта канстытуцыі, каб ён абараніў нашыя правы”.

Сярод выступоўцаў прысутнічалі й вядомыя грамадзкія дзеячы. Дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя Ўладзімер Колас выказаў шкадаваньне з нагоды таго, што рынкі сёньня не працавалі.

(Колас: ) “Я хацеў выбрацца на рынак, каб пашукаць падарункі для сваёй жонкі, сваёй дачкі, сваёй маці на восьмага сакавіка. Я думаю, што ў такім цяжкім становішчы сёньня многія мужчыны Беларусі. Наш прэзыдэнт ня раз казаў, як ён любіць і паважае жанчын. Шаноўны спадар прэзыдэнт! Любоў да жанчын трэба даводзіць ня словам, а справай”.

(Натоўп: ) “Так!”

Затым замест кіраўніка краіны, якога мітынгоўцы пэрыядычна ўголас гукалі, зьявіўся віцэ-прэм’ер ураду Андрэй Кабякоў.

Андрэй Кабякоў(Кабякоў: ) “Я тут па даручэньні Аляксандра Лукашэнкі. Ён даручыў мне сустрэцца з вамі й высьветліць, у чым прычына такой вашай праявы…”

(Скандаваньне натоўпу: ) “Далоў ПДВ! Далоў ПДВ!...”

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ў лютым прадпрымальнікі заплацілі падаткаў на 5% болей, чым у папярэднім месяцы, заявіў віцэ-прэм’ер Кабякоў. Усяго дробныя бізнэсоўцы заплацілі 14 мільярдаў рублёў, а па краіне агулам падаткаў сабрана на 1,5 трыльёны.

Таксама Андрэй Кабякоў цьвердзіў, што прадпрымальнікі плацілі цягам апошніх дзён адзіны падатак за сакавік. Больш за 2 тысячы індывідуалаў заплацілі ПДВ, таму пра адмену падатку гаворка ісьці ня можа.

(Кабякоў: ) “Плаціць ПДВ будзем!”

(Натоўп: ) “Не!”

Спадар Кабякоў прапанаваў прадпрымальнікам дэлегаваць 10-15 чалавек для таго, каб абмеркаваць мэханізм спагнаньня падатку, але мітынгоўцы ня сталі яго слухаць і віцэ-прэм’ер пакінуў Кастрычніцкі пляц.

Гл. таксама • Прадпрымальнікі Полаччыны страйкуюць у поўным складзе • Прадпрымальнікі спрабавалі прабіцца да рэзыдэнцыі прэзыдэнта • Барысаўскіх прадпрымальнікаў затрымалі па дарозе ў Менск • 95% прадпрымальнікаў Гомеля падтрымалі агульнанацыянальны страйк • У Берасьці ўлады прымусова паслалі на рынкі гандляроў зь дзяржаўных крамаў • Старшыня Віцебскага аблвыканкаму да прадпрымальнікаў так і ня выйшаў • Нягледзячы на арышт лідэраў, у Горадні на пратэст выйшлі каля трох тысяч прадпрымальнікаў • У Магілёве адбылася акцыя пратэсту – прадпрымальнікі заяўляюць і пра палітычны аспэкт пратэстаў • Польская прэса піша пра беларускіх прадпрымальнікаў • 1 сакавіка – агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG