Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці ўлады прымусова паслалі на апусьцелыя рынкі гандляроў зь дзяржаўных крамаў


Алег Супрунюк, Берасьце Большасьць прыватных прадпрымальнікаў на Берасьцейшчыне 1 сакавіка спынілі сваю працу. Замест іх мясцовыя ўлады прымусілі выйсьці на рэчавыя рынкі са сваім таварам гандляроў райспажыўсаюзаў і дзяржаўных крамаў.

(Лазарэнкаў: ) “На сёньняшні дзень вядома, што ў адпачынак пайшлі на 100% рынкі Пінску, Бярозы. У Берасьці гэта на 75% рынак ЦУМ (тыя, хто не гандлюе трыкатажам) і 100% адсоткаў ня выйшлі на працу прадстаўнікі рынку “Юбілейны”.

Паводле зьвестак зь іншых гарадоў Берасьцейшчыны страйк таксама падтрымалі амаль усе гандляры ў Белаазёрску, Іванаве і Століне. Між тым прадпрымальнікі кажуць, што ўлады вельмі пільна адсочваюць сытуацыю. Вось што, напрыклад, паведаміў Сяргей Касьцюковіч, адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху ў Пінску, дзе гандляры не працуюць ужо з 1 лютага.

(Касьцюковіч: ) “Ціск ідзе самы бязьлітасны. Зьбіраюць зьвесткі ў Пінску праз падатковыя органы, і кожныя дзьве гадзіны ідзе інфармацыя ў аблвыканкам, а пасьля ў Менск. Іх цікавіць колькі сплацілі падатак і колькі сплацілі за месцы”.

Тым часам на рэчавым рынку ў Берасьці зьявіліся незвычайныя гандляры, якіх ніколі раней тут ня бачылі. Вось што распавёў адзін з прадпрымальнікаў.

(Прадпрымальнік: ) “Ва ўсе крамы райспажыўсаюзу паступіла распараджэньне, каб усе выехалі на рэчавы рынак і пачалі так званы выяздны гандаль. Гандляры ў ватоўках ды валёнках былі з таварам, які непрыстасаваны для продажу на вуліцы. І вось яны разводзяць рукамі: як тут можна гандляваць і што тут можна рабіць?”

Празь некалькі гадзінаў гэтыя гандляры зьехалі з рынку, бо на ім амаль не было пакупнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG