Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму да прадпрымальнікаў так і ня выйшаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск У Віцебску 90% прадпрымальнікаў спынілі сваю працу 1 сакавіка. Некалькі соцень удзельнікаў страйку сабраліся каля будынку віцебскага аблвыканкаму ды запатрабавалі сустрэчы са старшынём Уладзімерам Андрэйчанкам.

Апоўдні на ганках Віцебскага аблвыканкаму сабраўся натоўп у некалькі соцень прадпрымальнікаў, і дзяжурныя міліцыянты былі вырашылі, што зараз тут адбудуцца нейкім масавыя парушэньні грамадзкага парадку, а таму выклікалі падмацаваньне з Кастрычніцкага райадзьдзелу.

Супрацоўнікі міліцыі сагналі людзей з прыступак і загадалі не набліжацца да будынку абласной адміністрацыі.

Туды было дазволена ўвайсьці ўсяго чатыром дэлегатам ад розных віцебскіх кірмашоў, якія мусілі перадаць у аблвыканкам адмысловы зварот ад усіх прадпрымальнікаў вобласьці з іхнымі патрабаваньнямі. Зварот быў адрасаваны асабіста Уладзімеру Андрэйчанку, які ёсьць ня толькі старшынём аблвыканкаму, але й сябрам Савета рэспублікі.

Віцебскія прадпрымальнікі напісалі пра тое, што яны патрабуюць скасаваць падатак на даданую вартасьць (ПДВ), а таксама пратэстуюць супраць перасьледу ўдзельнікаў усіх прадпрымальніцкіх акцыяў пратэсту.

Адказу на свой зварот яны чакалі цягам дзьвюх гадзінаў, стоячы на 12-градусным марозе, аднак іхныя дэлегаты вярнуліся практычна ні з чым. Ім нават не ўдалося сустрэцца са старшынём аблвыканкаму.

Распавядае Ларыса Машко, прадстаўніца кірмашу “Пятроўскі”:

(Машко: ) “Андрэйчанку нам не паказалі – сказалі, што ён дужа заняты. З намі размаўляў намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Пятруша. Гаварылі з намі ўвогуле ні пра што, усё хадзілі вакол. Мы казалі, што ў такіх умовах працаваць немагчыма, што сумленна працаваць мы ня можам. І нам паабяцалі, што заўтра а 2-й гадзіне мы зноў зьбяромся і абмяркуем нашы пытаньні. Думаю, што ўсё важныя праблемы вырашаюцца ў Менску, і тое, што там скажуць, потым прыменяць на месцах”.

Абураныя безвыніковым сёньняшнім стаяньнем на холадзе, прадпрымальнікі былі рушылі да будынку аблвыканкаму, але міліцыянты папярэдзілі, што выклічуць АМОН, і стыхійны мітынг будзе разагнаны. Загадчыку абласной управы гандлю Валянціну Цьвяткову, – адзінаму прадстаўніку ўладаў, які выйшаў да прадпрымальнікаў, удалося пераканаць іх у тым, што ўсе адказы на праблемныя пытаньні яны атрымаюць заўтра а другой гадзіне.
XS
SM
MD
LG