Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на арышт лідэраў, у Горадні на пратэст выйшлі каля трох тысяч прадпрымальнікаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні адбылася акцыя пратэсту прадпрымальнікаў. У ёй удзельнічалі прыблізна тры тысячы чалавек ці крыху болей. Пад статую Леніна выйшлі прадстаўнікі Гарвыканкаму. З падрабязнасьцямі наш гарадзенскі карэспандэнт.

Прадпрымальнікі пачалі зьбірацца каля 12 гадзінаў у парку Жылібэра вакол помніка савецкім салдатам і партызанам. Адчуўшы, што іх даволі шмат, удзельнікі акцыі перайшлі вуліцу і занялі плошчу Леніна перад гарвыканкамам.

Лідэраў не было. Напярэдадні пасадзілі на 15 сутак аднаго з кіраўнікоў прадпрымальніцкага руху Зьмітра Іваноўскага. Яго пакаралі за ранейшы несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 лютага.

Сёньня, чакаючы прадстаўнікоў уладаў, удзельнікі акцыі пачалі скандзіраваць: “Работу!” Прадпрымальнікі па-ранейшаму пратэстуюць супраць ўвядзеньня падатку на даданую вартасьць.

(Спадарыня: ) “Выйшлі таму, што нашая работа страціла ўсякі сэнс. Мы ня зможам выжыць у гэтых умовах”.

(Другая спадарыня: ) “Калі не адменяць падатак на даданую вартасьць, мы працаваць ня будзем. Гэта дакладна. Ніхто ня будзе працаваць. Усе пойдуць на біржу працы, хай нам даюць працу, любую”.

(Спадар: ) “Калі ня пойдуць зараз на саступкі, значыцца калі-небудзь усё адно пойдуць на саступкі”.

На плошчу выйшлі старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка і намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Радзевіч. Яны сталі каля ленінскай статуі, іх абступілі прадпрымальнікі. Адбылася доўгая і бясплённая гутарка. Людзі пакрысе сталі разыходзіцца.

Міліцыянтаў на плошчы амаль не было, але міліцыя чакала напагатове. Акцыя пратэсту працягвалася дзьве гадзіны, нікога з удзельнікаў пасьля яе заканчэньня не затрымлівалі.
XS
SM
MD
LG