Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрыян Севярын: Прысьпеў час правесьці міжнародную канфэрэнцыю па Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Адрыян Севярын – былы старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, а цяпер адмысловы дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі, заявіў у інтэрвію нашаму радыё, што прысьпеў час склікаць вялікую міжнародную канфэрэнцыю ў справе сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, “бо гэта ўжо ня толькі ўнутраная, мясцовая праблема, а міжнародная”. Cа спадаром Севярынам размаўляў наш варшаўскі карэспандэнт.

У другой палове 1990-х Адрыян Севярын быў кіраўніком рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў справе Беларусі. Я запытаўся ў спадара Севярына, як на ягоную думку зьмянілася сытуацыя ў Беларусі з таго часу.

(Севярын: ) “На маю думку, сытуацыя не зьмянілася што да павагі да правоў чалавека – беларускія ўлады дагэтуль гэтыя правы не паважаюць. Калі казаць пра дыялёг афіцыйнага Менску зь міжнароднай супольнасьцю, дык тут сытуацыя толькі пагоршылася – цяпер такі дыялёг адбываецца на ніжэйшым узроўні, чым раней, калі мы хаця б неяк размаўлялі зь беларускімі ўладамі. Была надзея, што ў выніку гэтых размоваў беларускія ўлады пачнуць дыялёг з уласным народам. Сёньня мы сталі сьведкамі таго, што афіцыйны Менск абсалютна адкідае магчымасьці дыялёгу і пэрспэктыва, што гэтая сытуацыя зьменіцца, выглядае вельмі змрочна. Больш таго, цяпер крывадушнасьць зьмянілася на цынізм. Калісьці, нават калі міжнародныя стандарты што да правоў чалавека не шанаваліся, дык улады прынамсі дэкляравалі, што прызнаюць менавіта гэтыя стандарты. Цяпер яны проста ў твар кажуць, што нашы стандарты дрэнныя. А правільныя толькі стандарты спадара Лукашэнкі, і толькі ён прасоўваецца наперад у пабудове сваёй гэтак званай дэмакратыі. Так гэта выглядае. Таму тое, што адбываецца ў Беларусі трэба разглядаць ня толькі як небясьпеку для правоў чалавека, але і як пагрозу бясьпецы краіны і рэгіёну”.

(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што беларускія ўлады ўжо пачалі чарговую прэзыдэнцкую кампанію. Шмат хто мяркуе, што яе пашырэньне будзе зьвязанае з узмацненьнем рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, мэдыяў, палітычных апанэнтаў, а таксама з далейшым ігнараваньнем заўвагаў міжнароднай супольнасьці. Што думае ў гэтай справе Адрыян Севярын?”

(Севярын: ) “Калі браць пад увагу цяперашнія акалічнасьці, цяжка быць аптымістам, хаця аптымістам трэба быць. Я чакаю вельмі дрэнных рэчаў, хаця й заўсёды думаю, што трэба быць гатовым да дыялёгу, што будзе нейкі прагрэс. Але калі паглядзець на тое, што мы маем сёньня, дык я баюся, што перад намі цяжкія дні”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў такой сытуацыі могуць зрабіць такія арганізацыі, як прыкладам Рада Эўропы, якая напярэдадні наладзіла ў Варшаве адмысловую канфэрэнцыю ў справе ўзмацненьня дэмакратыі ў Эўропе?”

(Севярын: ) “Няшмат. Трэба памятаць, што Беларусь ня мае нават статусу назіральніка ў Радзе Эўропы. Канешне, мы можам шмат гаварыць і абмяркоўваць, нешта спрабаваць, Але мне падаецца, трэба працаваць таксама ў межах ААН. Адзін з элемэнтаў маёй стратэгіі як адмысловага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі – гэта збудаваць салідарны падыход да беларускіх справаў сярод розных прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці, якія насамрэч могуць нешта зрабіць. Тут трэба казаць не пра спробы нейкай адной арганізацыі зрабіць нешта, а каб аб’ядноўваць намаганьні ўсёй міжнароднай супольнасьці. Прысьпеў час правесьці вялікую міжнародную канфэрэнцыю што да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Бо гэта ўжо ня толькі мясцовая, унутраная справа, але міжнародная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG