Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадпрымальнікі Полаччыны страйкуюць у поўным складзе


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Практычна ў поўным складзе ня выйшлі сёньня на працу дробныя прадпрымальнікі Полаччыны, а ля брамаў цэнтральнага полацкага кірмашу нават зьявілася шыльда: “Рынак зачынены на рамонт”. Міліцыя спыніла мікрааўтобус з наваполацкімі прадпрымальнікамі, якія спрабавалі выехаць на акцыю пратэсту ў Менск.

Сёньня ад самага ранку гурт актывістаў Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Полаччыны выехаў на мікрааўтобусе ў сталіцу. Пра тое, што з гэтага атрымалася, распавядае жонка аднаго з актывістаў.

(Жонка актывіста: ) “Група людзей выехала ў Менск каб падтрымаць на пляцы менчукоў. Ужо на выезьдзе з Полацку іх чакалі: там былі работнікі ДАІ, міліцыя… Доўга шукалі – да чаго прычапіцца, і урэшце прычапіліся да таго, што аўтобус не прайшоў тэхагляд. У іх зьнялі нумары і усіх людзей вярнулі назад”.

У выніку прафсаюзныя актывісты вымушаныя былі дабірацца да сталіцы на спадарожных машынах.

Прадпрымальнікі Полацка й Наваполацка на працу сёньня ня выйшлі. Частка іх, нягледзячы на халоднае надвор’е, сабралася а 10-й гадзіне перад будынкамі гарвыканкамаў. Пры гэтым, калі ў Наваполацку гарадзкія ўлады ні ранейшым часам, ні сёньня да страйкоўцаў не выходзілі, дык у Полацку супакойваць натоўп выходзіў сам старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла. Страйкоўцаў нават запрашалі зайсьці ў будынак гарвыканкаму пагрэцца.

Заўважым, што абвешчаная ўчора пастанова аб зьніжэньні падатку на дабаўленую вартасьць на абмежаваны асартымэнт тавару прадпрымальнікаў не супакоіў. Вось што сказаў наконт згаданых урадавых рашэньняў адзін з наваполацкіх страйкоўцаў:

(Страйковец: ) “Узьнікла такая сытуацыя, што ў нас больш няма выйсьця: альбо мы, альбо яны. І пытаньне нейкіх там дробных саступак нікога з нас не цікавіць. Цікавіць толькі пытаньне скасаваньня жорсткіх, падступных, зьвярыных дэкрэтаў, якія ня дзейнічаюць, і трэба на гэта расплюшчыць вочы”.
XS
SM
MD
LG