Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 сакавіка пачынае дзейнічаць урадавая пастанова пра некаторыя пытаньні рэгуляваньня аплаты працы ў камэрцыйных арганізацыях


Юлія Шарова, Менск Два месяцы таму, калі пастанова № 1651 была прынятая, кіраўнік краіны выказваўся пра тое, што практыку выплаты заробкаў у капэртах трэба спыніць. У чым сутнасьць гэтай пастановы ды якіх арганізацыяў яна найперш тычыцца?

Урадавая пастанова, якая пачынае дзейнічаць 1 сакавіка, увогуле тычыцца камэрцыйных арганізацыяў дзяржаўнай формы ўласнасьці і з доляй дзяржавы ў іхнай маёмасьці. Памер заробкаў у такіх структурах цяпер будуць вызначаць зыходзячы з адмысловага максымальнага нарматыву тарыфнай стаўкі першага разраду.

Гэтая тарыфная стаўка роўная бюджэту пражытковага мінімуму для працаздольнага насельніцтва. На сёньня гэта – 135 тысяч 150 рублёў. Для параўнаньня – звычайная тарыфная стаўка першага разраду, зыходзячы зь якой налічваюць заробкі бюджэтнікам, цяпер складае 48 тысяч рублёў.

У некаторых выпадках тарыфная стаўка першага разраду для такіх камэрцыйных арганізацыяў можа нават падвышацца: ёсьць сыстэма дыфэрэнцыяваных галіновых каэфіцыентаў, да таго ж урад можа прыняць рашэньне пра павелічэньне стаўкі, калі прадпрыемства працуе пасьпяхова. Выплаты, зробленыя зыходзячы з тарыфнай стаўкі першага разраду, у тым ліку стымулюючыя й кампэнсацыйныя выплаты, будуць адносіцца на сабекошт.

Яшчэ адзін пункт – суадносіны сярэдняга заробку намесьніка кіраўніка й галоўнага спэцыяліста камэрцыйнай арганізацыі й сярэдняга заробку на арганізацыі наагул. Гэтая прапорцыя ня можа перавышаць норму, вызначаную заканадаўствам. Недзяржаўным камэрцыйным арганізацыям таксама рэкамэндуюць прытрымлівацца такіх нормаў.

Ці сапраўды сыстэма налічэньня заробкаў у камэрцыйных фірмах стане больш празрыстай дзякуючы такім захадам? І ці паспрыяе ўрадавая пастанова падвышэньню сярэдняга заробку па краіне да 250 даляраў, як гэта заплянавана на сёлета?

На думку эканаміста Валерыя Дашкевіча, недзяржаўныя й паўдзяржаўныя фірмы даволі лёгка змогуць абысьці ўрадавую пастанову. Ужо цяпер яны фактычна прытрымліваюцца такой тарыфнай сеткі.

(Дашкевіч: ) “Наўрад ці знойдзецца хоць адна камэрцыйная арганізацыя, якая плаціла б менш за 150-200 тысяч сваім працаўнікам. Яны нармальна ўкладваюцца ў гэтую пастанову. Іншая справа, што суадносіны паміж заробкамі кіраўнікоў і наагул спэцыялістамі будуць вытрымлівацца. Дакладней, яны будуць вытрымлівацца на паперы, а насамрэч яны могуць вельмі й вельмі адрозьнівацца”.

Як тлумачыць спадар Дашкевіч, на камэрцыйных прадпрыемствах, дзе кіраўнік зьяўляецца яшчэ й заснавальнікам, дырэктару ды ягоным намесьнікам вельмі лёгка падвысіць свае прыбыткі празь нейкія прэміі, дадатковыя выплаты. Большая частка асабістых прыбыткаў як хавалася, гэтак і будзе хавацца ад дзяржавы, лічыць экспэрт, бо ў існуючай сыстэме падаткаабкладаньня паказваць сапраўдныя прыбыткі застаецца нявыгадна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG