Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска Натальля Падольская будзе прадстаўляць на конкурсе “Эўрабачаньне-2005” Расею


Ігар Карней, Менск 20-гадовая Натальля Падольская з Магілёву будзе прадстаўляць Расейскую Фэдэрацыю на міжнародным конкурсе “Эўрабачаньне-2005” у Кіеве. Так вырашыла аўдыторыя Першага каналу Расеі, прагаласаваўшы ў адборачным туры менавіта за беларуску.

Дагэтуль Падольская пасьпяхова дэбютавала ў тэлешоў “Фабрыка зорак” на згаданым канале, заняўшы ў выніку трэцяе месца. Летась сьпявачка таксама брала ўдзел у беларускім конкурсе сярод прэтэндэнтаў на паездку на “Эўрабачаньне-2004” у Стамбул, аднак саступіла ў фінале дуэту “Аляксандра і Канстанцін”. Дублёрам ехаць у Турэччыну яна адмовілася, заявіўшы, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя.

Цягам бліжэйшых двух месяцаў Натальля Падольская зьбіраецца скарыць Эўропу – менавіта такую задачу ставяць перад ёй маскоўскія прадусары. Ад таго, як удзельніца фіналу “Эўрабачаньня” здолее рэпрэзэнтаваць сябе за мяжой, будзе залежыць вартасьць адзнакаў, атрыманых ад міжнароднага журы 25 траўня ў Кіеве. Пры гэтым беларускае грамадзянства Падольскай ня ёсьць прынцыповым пытаньнем, што камандзе сьпявачкі ўжо пацьвердзілі ў штаб-кватэры Міжнароднага вяшчальнага зьвязу.

Бацька Натальлі, магілёўскі бізнэсовец Юрый Падольскі, якога можна лічыць галоўным натхняльнікам пераезду дачкі ў Маскву, падзяліўся з Радыё Свабода меркаваньнямі наконт таго, чаму расейская аўдыторыя ўрэшце спынілася на кандыдатуры не грамадзянкі Расеі? Я прыгадаў, што яшчэ тыдзень таму спадар Падольскі меў сумненьні наконт падобнага выніку, кажучы пра сілу грошай у расейскім шоў-бізнэсе.

(Падольскі:) “Як мне падаецца, урэшце адыграла галоўную ролю іншае. Расейцы, нічога не прыдумваючы, узялі і паказалі вынікі галасаваньня гледачоў. А ня так, як летась беларусы, калі нехта проста сваю дыскетку даў апэратару… А тут паказалі рэальныя вынікі галасаваньня…”.

Юрый Падольскі дагэтуль не хавае крыўды на арганізатараў леташняга падобнага конкурсу ў Менску. Паводле Белтэлерадыёкампаніі, тады глядацкія сімпатыі былі на баку барысаўскага дуэту “Аляксандра і Канстанцін”, а Падольская прыйшла да фінішу толькі другой. Аднак на сайце інтэрнэт-правайдэру “Белтэлеком” былі зьмешчаныя зусім іншыя лічбы: за Падольскую прагаласавала ў сем разоў больш гледачоў, чым за “Аляксандру і Канстанціна”. З гэтай нагоды Юрый Падольскі, які скончыў народнае аддзяленьне музычнай вучэльні і паўтара дзесятка гадоў адпрацаваў з баянам на сцэне, перакананы: чыноўнікі ад культуры склалі сцэнар адборачнага туру задоўга да агалашэньня вынікаў.

(Падольскі:) “Летась Беларусь упершыню паспрабавала “ўбіцца” на “Эўрабачаньне”: чыноўнікі ўзялі і вырашылі, хто паедзе, а ўжо потым для людзей зрабілі шоў, хоць рашэньне было прынятае. Пры гэтым чыноўнікі, як вы разумееце, працуюць ня дзеля перамогі, а выключна дзеля ўласнага інтарэсу. Для іх беларуская культура – гэта бубен, лапці і саламяны капялюш. Для іх гэта і ёсьць узровень Беларусі. Яны ўзялі “частушачнікаў” і вырашылі, што ў Беларусі, апроч гарлавых частушак, больш нічога ня можа быць. Гэта яны вырашылі, а не Аляксандра ці Канстанцін. А нас зрабілі клоўнамі. Мы тэлефанавалі, перажывалі, а за нас вырашылі і толькі спэктакль паказалі”.

Спадар Падольскі кажа, што па інэрцыі яшчэ назірае за працэсамі, якія адбываюцца на беларускай эстрадзе. І яго выснова адназначная: мінуў год, а зьменаў няма ніякіх: у вызначэньні кандыдатаў на “Эўрабачаньне” чыноўнікі зноў сыходзяць з уласных густаў.

(Падольскі:) “Дзеля краіны і цяпер, і ў старадаўнія часы вельмі важны прэстыж. Ня толькі 6 мільёнаў тонаў хлеба сабраць, ня толькі перамагчы ў хакеі і біятлёне. “Эўрабачаньне” – гэта такі ж спорт, толькі спэцыфічны. Ёсьць жа, прыкладам, мастацкая гімнастыка – сынтэз мастацтва і спорту. Дакладна гэтак жа і “Эўрабачаньне”: гэта шоў-бізнэс і спорт. Пры гэтым спаборніцтва, хто б з крытыкаў што ні казаў, досыць прэстыжнае”.

Нагадаем, што Беларусь у конкурсе “Эўрабачаньне-2005” будзе прадстаўляць Анжэліка Агурбаш, якая стала жыве ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG