Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд Партызанскага раёну Менску пакараў штрафамі студэнтаў, якія распаўсюджвалі ўлёткі


Любоў Лунёва, Менск Студэнты заклікалі прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 25 сакавіка. Міліцыянты затрымалі іх 25 лютага і трымалі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальнікку на вуліцы Акрэсьціна. Сотні ўлётак засталіся ў Партызанскім упраўленьні міліцыі.

Кабінэт адміністрацыйнай судзьдзі Партызанскага суду Алы Дзімінскай разьмешчаны ў Доме Правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі. Раніцай туды прыйшлі некалькі прадстаўнікоў арганізацыі “Рух Андрэя Клімава” на знак салідарнасьці з Крысьцінай Слушанскай і Ірмай Каўфман. Але чакаць сваіх сябровак ім давялося некалькі гадзінаў. У судзе патлумачылі, што пасьля пераезду суду ў Дом правасудзьдзя ўвесь час адбываюцца збоі графіка судовых пасяджэньняў.

Галоўная прычына ня толькі ў тым, што грамадзяне ня ведаюць аб тым, што суд пераехаў у іншае месца, але і ў тым, што канвой па-ранейшаму адвозіць затрыманых у РУУС, а толькі потым міліцыянты вязуць іх у суд. Гэта займае шмат часу. Дзяўчат прывезьлі перад абедзенным перапынкам. Але судзьдзя вымушана была абвесьціць перапынак з-за таго, што міліцыянты забыліся дадаць да пратаколаў улёткі. Раней гэтае пытаньне можна было вырашыць цягам 5 хвілінаў. Гэтым разам чакалі гадзіну.

Крысьціна Слушанская у судзе паскардзілася, што міліцыянты патрабавалі ад іх прызнаньня ў тым, што ўлёткі дзяўчаты раскідвалі за грошы, якія ім паабяцалі заплаціць пазьней. Судзьдзя Ала Дзімінская, нягледзячы на тое, што дзяўчына адседзела трое сутак у спэцпрыёмніку, пакарала дзяўчыну штрафам 20 базавых велічыняў (гэта 480 000 рублёў). Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду Крысьціна паведаміла Радыё Свабода: (Слушанская: ) “У Партызанскім РАЎСе з намі абыходзіліся вельмі груба. Нам не дазвалялі карыстацца мабільнікамі, каб папярэдзіць бацькоў, што мы ў міліцыі. Потым нас не адвезьлі ў спэцпрыёмнік, а трымалі ўсю ноч у дзяжурнай частцы. Было вельмі холадна. Міліцыянты нас увесь час абражалі, яны паводзілі сябе вельмі груба, мы прасілі, каб нам далі позвы і адпусьцілі, але яны не рэагавалі, а толькі крычалі на нас і казалі, каб мы маўчалі"

Ірма Каўфман прасіла суд пакараць яе арыштам, бо яна вучыцца на платным аддзяленьні і грошай заплаціць штраф у яе няма. Яе таксама пакаралі штрафам памерам 480 000 рублёў. Ірма абураная такім рашэньнем:

(Каўфман:) “Ні ў мяне, ні ў маёй маці такіх грошай няма. Я вучуся на платным. Маці мяне адна ўтрымлівае. Бацька нідзе не працуе. Я прасіла, каб мне далі мінімальны арышт, але мне ўсё роўна далі штраф".

25 лютага за ўлёткі затрымалі яшчэ аднаго студэнта – Ігара Пальчыкава. Паколькі затрыманьне адбылося раніцай, міліцыянты пасьпелі адвезьці Ігара ў суд. Судзьдзя Аляксей Бычко пакараў студэнта штрафам – 720 000 рублёў.
XS
SM
MD
LG