Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці падтрымліваеце вы пратэст прадпрымальнікаў?


Галіна Абакунчык, Менск Прыватныя прадпрымальнікі краіны абвясьцілі пра пачатак бестэрміновага страйку на знак пратэсту супраць ўвядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць. Дробныя бізнэсоўцы заяўляюць, што адначасна зь 1 сакавіка спыняць выплаты ўсіх відаў падаткаў. Як вы ставіцеся да патрабаваньняў гандляроў і ці падтрымліваеце прадпрымальніцкі страйк? Апытаньне ў Менску.

(Спадар: ) “Я думаю, што падаткі сапраўды трэба зьнізіць, бо цяпер вельмі цяжкі час. Зараз імкліва растуць цэны на камунальныя паслугі і прадукты харчаваньня. І гэта ўсё вельмі адмоўна ўплывае на матэрыяльнае становішча ўсіх людзей.”

(Спадарыня: ) “Падтрымліваю, бо лічу, што на прадпрымальнікаў у нашай краіне ўвесь час ціснуць. На маю думку, бізнэс наадварот павінен падтрымлівацца.”

(Спадар: ) “Не, страйк я не падтрымліваю. Я лічу, што гэтым нічога ня вырашыш. Я ня бачу сэнсу такімі сродкамі дзейнічаць.”

(Спадар: ) “Я сам прадпрымальнік, а таму падтрымліваю, бо зараз і так даволі складанае становішча.”

(Спадарыня: ) “Натуральна, што падтрымліваю, бо сын займаецца продажам абутку. Раней ён вазіў свой тавар з Расеі, а цяпер гэты падатак па ім моцна ўдарыў. Гэта жахліва, бо яны мусяць падвышаць цэны. А хто будзе купляць? Багатыя там не купляюць, бо яны купляюць у “буціках” альбо за мяжой, калі адпачываюць. А на рынках купляем мы – ніжэйшага дастатку й яшчэ ніжэйшага.”

(Спадар: ) “Прадпрымальнікаў падтрымліваю, бо сам прадпрымальнік. Гэтыя штомесячныя высокія падаткі, а цяпер яшчэ большы – занадта цяжка ўсё.”

(Спадарыня: ) “Безумоўна, я падтрымліваю прадпрымальнікаў, бо, на маю думку, малы бізнэс у Беларусі падтрымліваецца вельмі слаба. І тыя вялікія падаткі, якія ўводзіць дзяржава, не даюць магчымасьці разгарнуцца і ўмацавацца малому бізнэсу.”

(Спадар: ) “Я, канечне, падтрымліваю прадпрымальнікаў, бо вельмі цяжка ў нашай краіне выжыць з такімі падаткамі. На месцы дзяржавы я б зьнізіў – трэба даваць усім жыць.”

(Спадарыня: ) “Я лічу, што павінны страйкаваць ня толькі прадпрымальнікі, а і спажыўцы. Бо перадусім гэта стане адчувальным для кішэні спажыўца. Бо 18% на падаткі патрэбна будзе аднекуль узяць. І яны будуць узятыя з кішэні спажыўца.”
XS
SM
MD
LG