Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэчыцы арыштаваны актывіст аб`яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Леанід Невар


Казімір Яноўскі, Гомель У мінулыя выходныя Леанід Невар хацеў паінфармаваць дробных бізнэсоўцаў Рэчыцы аб перамовах з уладамі наконт увядзеньня падатку на даданую вартасьць.

На вуліцы Чырвонаармейскай міліцыянты заблякавалі мікрааўтобус “Фіят”, у якім ехаў Леанід Невар са сваёю жонкаю. Фармальнай зачэпкай сталася адсутнасьць на кузаве дубляванага нумару дзяржаўнай рэгістрацыі мікрааўтобуса. Спадар Невар пагаджаўся падпісаць адпаведны пратакол парушэньня, але мікрааўтобуса не пакінуў.

Пад кіраўніцтвам начальніка Уладзімера Манжоса рэчыцкія міліцыянты дасталі зь мікрааўтобуса задняе шкло. Жонка Леаніда Невара спрабавала клікаць людзей на дапамогу. Аднак міліцыянты ўсё адно гвалтам арыштавалі Леаніда Невара, абвінаваціўшы яго ў закліку да масавых беспарадкаў.

Мінулую ноч прадпрымальнік правёў у адзіночнай камэры ізалятара часовага ўтрыманьня. Ад адваката родныя даведаліся сёньня, што ўначы ў спадара Невара былі сардэчныя прыступы.

Распавядае сын Леаніда Невара Леанід:

(Леанід: ) “Уначы тры разы хуткую дапамогу выклікалі. Адвакатка сказала, што кепска было бацьку з сэрцам. Тры разы прыяжджалі рабіць уколы ад сэрца”,.

У Рэчыцкім судзе прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы супраць арыштаванага прадпрымальніка Невара. Яго абвінавачваюць ужо у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Пакараньне паводле гэтых абвінавачваньняў прадугледжвае штраф альбо арышт да 15 сутак.

У Рэчыцы прадпрымальнікі лічаць, што ізаляцыя Леаніда Невара наўпрост зьвязаная з заўтрашнім страйкам прадпрымальнікаў супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць ды іншымі дыскрымінацыйнымі мерамі ў дачыненьні дробных бізнэсоўцаў.
XS
SM
MD
LG