Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Cяргея Скрабца аштрафавалі на 4 мільёны 800 тысячаў рублёў за мітынг гарадзенскіх прапрымальнікаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні былога лідэра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца пакаралі за мітынг гарадзенскіх прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 лютага. Яго аштрафавалі на 200 базавых велічыняў, гэта—4 мільёны 800 тысяч рублёў. Сяргея Скрабца затрымалі ўчора і мінулую ноч ён праседзеў у ізалятары часовага утрыманьня.

Сёньня ў гарадзенскім Ленінскім судзе таксама закончыўся працэс вядомага ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча супраць абласнога тэлебачаньня, якое паказала пра яго крытычны сюжэт. Прадпрымальнік дамагаўся кампэнсацыі за маральныя страты, але суд адмовіўся задаволіць пазоў.

Трапіць у Ленінскі раённы суд сёньня было складана. Было мноства міліцыі, ва ўсіх пільна спраўджвалі дакумэнты, гаворачы, што суд зьяўляецца “рэжымным аб’ектам”. Мне ўдалося трапіць толькі дзякуючы таму, што Сяргея Скрабца судзілі ў той жа час, калі павінны былі зачытаць рашэньне ў справе Мікалая Аўтуховіча супраць абласнога тэлебачаньня. Аднак у судзе мяне суправаджаў міліцыянт.

Адміністрацыйную справу супраць Сяргея Скрабца судзьдзя Натальля Козел разгледзела хутка. Ён выйшаў зь яе кабінэта ў суправаджэньні міліцыянта, і не было магчымасьці паразмаўляць зь ім. Але потым па тэлефоне спадар Скрабец сказаў мне, што яго аштрафавалі на 200 базавых велічыняў. Гэта прыблізна 2200 даляраў. Ён не прызнаў, што быў арганізатарам мітынгу, але судзьдзі было досыць ягонага прозьвішча ва ўлётцы.

Напярэдадні несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў сярод іх была распаўсюджана ўлётка з заклікам правесьці аднадзённы страйк. Пад ёй былі тры прозьвішчы—аднаго зь лідэраў прадпрымальнікаў Зьміцера Іваноўскага, генэрала Валерыя Фралова і Сяргея Скрабца. Фралова раней тая ж судзьдзя Натальля Козел аштрафавала за арганізацыю мітынгу на 300 базавых адзінак.

Іншая судзьдзя—Натальля Собалева сёньня зачытала рашэньне адносна пазову прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Ён лічыць, што ў тэлесюжэце мясцовай тэлерадыёкампаніі паставілі пад сумнеў ягоную дабрачынную дзейнасьць. Сюжэт быў падрыхтаваны паводле матэрыялаў абласной падатковай інспэкцыі. Прадпрымальнік прасіў спагнаць з тэлебачаньня, карэспандэнткі і падатковай інспэкцыі 40 мільёнаў рублёў і перадаць грошы дзіцячаму дому. Аднак суд не задаволіў пазову.

(Аўтуховіч:) “Сёньня тэлебачаньне і прэса дзяржаўная ўжо як рычагі ціску на людзей. Сёньня, каб абылгаць мяне, яны выкарыстоўваюць тэлебачаньне і газэты”. Мікалай Аўтуховіч гаворыць, што цяпер стала немагчыма дамагчыся праўды, абараніць свае гонар і годнасьць.
XS
SM
MD
LG