Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандр Лукашэнка інтуітыўна адчувае, што беларусам патрэбен аўтарытарны рэжым...”


Валянцін Жданко, Менск У нашай пошце апошніх дзён нямала лістоў з развагамі пра тое, хто сёньня ў Беларусі можа лічыцца нацыянальным лідэрам і ці здолее дэмакратычная апазыцыя вылучыць на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах моцную альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку.

Сёньняшні агляд пачну зь ліста на гэту тэму, які даслаў Мікалай Аўдзееў зь Віцебска. Слухач піша:

“Як бы вы ні крытыкавалі Лукашэнку, але павінны прызнаць: менавіта пры ім Беларусь стала сапраўды незалежнай. Фактычна ён зрабіў яе пазнавальнай у сьвеце. Я часта езьдзіў і ежджу за мяжу. Раней многія мае замежныя суразмоўцы проста ня ведалі, што ёсьць такая краіна. Цяпер ведаюць практычна ўсе. Лукашэнка – сумленны і шчыры чалавек. Я ўпэўнены, што ніякіх мільёнаў асабіста для сябе ён нідзе не хавае, што ён сапраўды хоча зрабіць Беларусь эканамічна моцнай і незалежнай. Дзеля гэтага яму і патрэбна аднаасобная моцная ўлада. Ён жа не ставіць сабе прыжыцьцёвых помнікаў, не прысвойвае званьні і ордэны, не разьдзьмувае культ асобы. Так што дарэмна вы параўноўваеце яго з Туркмэнбашы. Ён проста інтуітыўна адчувае, што беларусам сёньня патрэбен менавіта такі рэжым – з жорсткай цэнтралізацыяй улады, без мітынгоўшчыны і крытыканства. Людзі павінны сумленна працаваць, а не хадзіць на мітынгі. А прэзыдэнт сам лепш ведае, куды весьці краіну”,–

– напісаў Мікалай Аўдзееў зь Віцебску.

Зусім магчыма, спадар Аўдзееў, што Аляксандар Лукашэнка, сапраўды шчыра ўпэўнены ў тым, што абраны ім эканамічны і палітычны курс – адзіна правільны. Але ці дастаткова важкі гэта аргумэнт дзеля таго, каб усе іншыя пункты гледжаньня на разьвіцьцё краіны ігнараваць і абвяшчаць шкоднымі і антыдзяржаўнымі? Гісторыя ня ведае прыкладаў, калі б у сучасным сьвеце эўрапейская краіна дасягнула росквіту і дабрабыту, абапіраючыся на аўтарытарную ўладу, уціск грамадзянскіх правоў і перасьлед іншадумства. І вельмі няшмат шанцаў на тое, што гэта ўдасца зрабіць Аляксандру Лукашэнку.

Што да пазнавальнасьці Беларусі ў сьвеце, то, думаю, любому грамадзяніну краіны хацелася б, каб для гэтага былі іншыя падставы, а не спэцыфічны грамадзка-палітычны лад ды трывожныя навіны пра разгон і зьбіцьцё мірных дэманстрантаў.

Леанід Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну ў сваім лісьце адклікнуўся на нядаўнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт так званай “інфармацыйнай вайны”, якую нібыта вядуць супраць Беларусі Захад і Расея. Слухач піша:

“Слухаючы Свабоду, гледзячы расейскія тэлеканалы, ніколі ня чуў ніводнага кепскага слова пра Беларусь і беларусаў. Іншая рэч – горкая для беларускай улады праўда, пра якую не даведаешся ў афіцыйных беларускіх мэдыях. Так што ня трэба, таварыш прэзыдэнт, блытаць рэжым з народам. Ніхто ні на Захадзе, ні на Ўсходзе нічога кепскага пра беларускі народ не гаворыць. Улада хваліцца: беларусы жывуць усё лепш. Але ці так гэта? Тыя “чарка і шкварка”, пра якія казаў Лукашэнка як пра сымбалі дабрабыту, сёньня ня кожнаму даступныя (асабліва шкварка). Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, даходы 19 працэнтаў насельніцтва ніжэй за пражыткавы мінімум, а два працэнты ўвогуле недаядаюць. Але нават калі б усім хапала шкваркі – чалавек жа – не скаціна, якую цікавіць толькі ежа.

Ня можа добра жыць чалавек несвабодны. А ці здольны адчуваць сябе свабодным чалавек у нашай краіне, калі ён ня мае магчымасьці сказаць тое, што думае пра сваю ўладу, пра палітыку дзяржавы? Калі ня можа сабрацца з аднадумцамі нават дома, у кватэры? Калі яго па загадзе гоняць на датэрміновае галасаваньне, на суботнікі, на сходы? (А не паслухаешся – пагражаюць звальненьнем). Калі прымушаюць пералічваць грошы на дапамогу калгасам, на гарадскія патрэбы (хоць для гэтага ёсьць бюджэт). Урэшце, калі нават дзяцей гвалтам прымушаюць уступаць у БРСМ? Словам, паўсюль – гвалт, гвалт і гвалт”,–

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Леанід Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёна.

Пытаньні, якія гучаць у Вашым, спадар Валошка, лісьце, нібыта і не патрабуюць адказаў. Праблема, аднак, у тым, ці ўсьведамляе відавочнасьць гэтых адказаў большая частка беларускага грамадзтва? А калі ўсьведамляе – ці гатовая прыкласьці намаганьні дзеля таго, каб не паддавацца гэтаму гвалту – адстойваць сваё права на свабоду поглядаў, не ісьці супраць уласнай ахвоты на датэрміновае галасаваньне, не ўдзельнічаць у прымусовым суботніку, не ўступаць пад ціскам начальніка ў арганізацыю, якой не давярае? Ад адказаў менавіта на гэтыя пытаньні залежыць тое, як хутка ў Беларусі могуць адбыцца істотныя палітычныя зьмены.

Ліст ад Ільлі Копыла зь Менску. Слухач піша:

“Калі летась у часе візыту ў Польшчу Уладзімір Пуцін убачыў шмат пікетаў пратэсту з нагоды расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні, дык потым у сваёй прамове сказаў, што сталінскія рэпрэсіі і злачынствы Гітлера на адну дошку ставіць нельга. Калі сыходзіць з такой лёгікі, дык расстрэлы фашыстамі палякаў ці габрэяў – гэта злачынства, а расстрэлы такіх жа палякаў і габрэяў энкавэдыстамі – гэта ўжо нібыта нешта іншае. Гітлер ды Сталін адзін аднаго вартыя. У Другую сусьветную вайну ў нямецкі палон трапілі 5 700 000 савецкіх салдат. Зь іх загінула 37 працэнтаў. Для параўнаньня: пад Сталінградам у савецкі палон было ўзята 90 000 немцаў. Зь іх выжылі толькі 5 000 – а гэта ўсяго пяць з паловай адсоткаў”,–

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ільля Копыл зь Менску.

Так, спадар Копыл, нацысцкія злачынцы паўсталі перад судом і панесьлі суровае пакараньне. А злачынцы сталінскія дажывалі і дажываюць свой век у элітных пансіянатах, атрымліваючы пэрсанальныя пэнсіі. Ахвяры нацысцкіх злачынцаў, дзе б яны ні жылі (у тым ліку ў Беларусі) атрымалі ад нямецкага народу немалыя грашовыя кампэнсацыі. А ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў ад рэжыму, які лічыць сябе пераемнікам савецкай улады, не дачакаліся нават прабачэньняў за свае шматгадовыя пакуты.

Магчыма, і ў гэтым таксама хаваецца прычына таго, што ўзровень жыцьця ў пераможанай Нямеччыне сёньня ня йдзе ні ў якое параўнаньне з побытам тых, хто калісьці цаной вялікіх ахвяраў перамаглі фашызм, але пры гэтым самі засталіся ў палоне сталінізму.

На заканчэньне – ліст ад былога вайскоўца з Пружанаў Міколы Канаховіча. Слухач напісаў нам пад уражаньнем нядаўняй сустрэчы ў Вільні шэрагу апазыцыйных лідэраў, якія абмяркоўвалі тэму адзінага кандыдата ад апазыцыі на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах.

“Спадары-таварышы,– зьвяртаецца Мікола Канаховіч да ўдзельнікаў нарады.– Няўжо вы не разумееце, што стварэньне нейкіх там мітычных “кааліцый” і “зьвязаў”, уся вашая палітычная валтузьня толькі заблытвае галовы людзям. Калі вы насамрэч патрыёты, а не правакатары, дык накіруйце ўвесь свой агульны патэнцыял на падтрымку ўжо даўно вядомага народу лідэра – адкрытага, празрыстага ў сваіх дзеяньнях, непахіснага змагара за вольную Беларусь, чалавека шчырага, зь непадкупным сумленьнем, сапраўднага хрысьціяніна, навукоўца, палітыка – Зянона Пазьняка. У лёсавызначальны час на пачатку 90-х гадоў ён адзін зрабіў дзеля Беларусі ў тысячы разоў больш, чым усе вы разам узятыя. Дарэчы, дзе вы былі ў тыя гады, каго падтрымлівалі, перад кім выслужваліся? А народ добра памятае… Так што вы павінны сумленна адказаць: зь кім вы? З Зянонам Пазьняком, каб як найхутчэй дамагчыся волі для Беларусі? Ці вас задавальняе пажыцьцёвае апазыцыянэрства з пажыцьцёвым панаваньнем аднаго прэзыдэнта? Адкрыйце нарэшце вашу таямніцу, бо народ ужо стаміўся ў чаканьні праўды”,–

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду афіцэр у адстаўцы Мікола Канаховіч з Пружанаў. Ня думаю, спадар Канаховіч, што галоўнае пытаньне дэмакратычнай апазыцыі зводзіцца да гэтай катэгарычна пазначанай Вамі дылемы. У кожнага нацыянальнага лідэра – свой час, свая эпоха, свая гістарычная місія. Ці можаце Вы ўявіць сёньня вяртаньне ў вялікую палітыку, на першыя ролі ў сваіх дзяржавах, напрыклад, Міхаіла Гарбачова ў Расеі, Леха Валэнсы ў Польшчы, Леаніда Краўчука ва Ўкраіне, Вітаўтаса Ландсбэргіса ў Літве? Фактычна ўсе яны адыгралі ключавую ролю ў пераломныя моманты гісторыі сваіх краін. Але калі потым, выканаўшы сваю гістарычную місію, спрабавалі застацца пры ўладзе – усе без выключэньня цярпелі жорсткую паразу.

Эпоха Зянона Пазьняка выпала на канец 80-пачатак 90-х гадоў. Ён, сапраўды, шмат зрабіў дзеля незалежнасьці Беларусі і пакінуў сваё імя ў нацыянальнай гісторыі. Быў момант, калі ён, бадай, меў рэальныя шанцы узначаліць Беларусь. Але момант той застаўся ў гісторыі. І справа тут, спадар Канаховіч, зусім не ў наравістых апазыцыйных палітыках, а ў самім беларускім грамадзтве, якое за Зянона Пазьняка сёньня галасаваць ня будзе. Пазнаёмцеся з вынікамі любога сацыялагічнага апытаньня – і вы ў гэтым пераканаецеся.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Раман Зіноўеў з расейскага горада Гагарына Смаленскай вобласьці, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Максім Лыч са Сьветлагорску і Сьцяпан Міклушка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.
XS
SM
MD
LG