Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не фігуруйся, Грышачка!


Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі "Магія мовы"

Не фігуруйся, Грышачка! Чаму менавіта Грышачка, а ня Яначка ці Ганначка? Гэты выраз мае гістарычныя карані. Дасьледнікі зьвязваюць яго паходжаньне з асобаю царкоўнага дзеяча Грыгор’я Загорскага. У свой час яму закідалі няўменьне чытаць на царкоўнаславянскай мове. Апошняя акалічнасьць, аднак, не перашкодзіла Грыгор’ю Загорскаму стаць полацкім уніяцкім арцыбіскупам. У гісторыю ён увайшоў пад імем Германа ІІ.

Кепска, пане Грыгоры, што далей, то горай – беларусы не таілі свайго скептыцызму. Але адной гэтай прыказкай народ не абмежаваўся. Разам зь ёю узьнікла й дасьціпнае выслоўе – не фігуруйся, Грышачка! – з прыкметным адценьнем фамільярнасьці.

У гутарковай мове фігураю мы называем важнага чалавека. Дзеяслоў фігуравацца мае значэньне ‘какетаваць’ або ‘удаваць зь сябе важную фігуру’. У апошнім значэньні ў сучасным слэнгу ўжываюцца фразэма кідаць панты або проста дзеяслоў пантавацца. Назоўнік панты й вытворныя ад яго сустракаюцца й на старонках беларускамоўнае пэрыёдыкі.

У сучасным кантэксьце значэньне выразу не фігуруйся, Грышачка можна перадаць слэнгавым не пантуйся. Як мне падаецца, лексэма панты прыйшла ў беларускую мову з расейскай. Наракаючы на неразьвітасьць беларускага слэнгу, мы часьцяком забываемся на спрадвечныя гутарковыя словы й выразы. Можна нават скласьці адмысловы слоўнічак, пакуль невялічкі:

фігура – важны чалавек, або той, хто пантуецца;

фігуравацца – пантавацца;

не фігуруйся, Грышачка! – заклік кінуць пантавацца.

Спаткаўшы чалавека, чые амбіцыі несувымерныя з рэальнымі магчымасьцямі, або таго, хто займае не сваё месца, мякка, ласкава, хоць і не без іроніі, паўшчуваем яго па-беларуску: не фігуруйся, Грышачка!
XS
SM
MD
LG