Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што крадуць у музэях Беларусі?


Вячаслаў Кулік, Менск Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ў музэях Беларусі павялічваецца колькасьць крадзяжоў. Так, за непрацяглы пэрыяд часу каштоўныя экспанаты былі выкрадзеныя ў музэях Берасьцейскага, Івацэвіцкага, Шклоўскага, Аршанскага й шэрагу іншых раёнаў. Паводле Міністэрства культуры, бандыты рабуюць там, дзе эканомяць на сродках аховы. Між тым, зьнікаюць найперш унікальныя рэчы антыкварыяту.

Сёньня ў Беларусі працуюць 135 музэяў. Паводле начальніка ўпраўленьня Міністэрства культуры Васіля Чэрніка, крадзяжы маюць рэгіянальны характар.

(Чэрнік: ) “Я ведаю, чуў пра крадзяжы, якія адбываліся. Але гэта мясцовыя музэі. Яны не падпарадкоўваюцца Міністэрству культуры, на жаль”.

Па словах Васіля Чэрніка, зараз толькі 15 музэяў першай групы забясьпечваюцца плянавымі сродкамі на лепшыя ўмовы зьберажэньня экспанатаў. Усе астатнія – як даводзіцца. Каб зразумець розьніцу, зьвернемся да прыкладаў аховы Музэя касманаўтыкі ў вёсцы Тамашоўка Берасьцейскага раёна і Нацыянальнага мастацкага музэя.

Гаворыць дырэктар сталічнага музэя Ўладзімер Пракапцоў.

(Пракапцоў: ) “Кожныя два гады абнаўляем сыгналізацыю. І потым: у нас жа круглыя суткі ўзброеная ахова”.

(Карэспандэнт: ) “ А якія-небудзь адмысловыя ўмовы былі агавораныя, калі Масква прывозіла шэдэўры Трацякоўкі?”

(Пракапцоў: ) “Канечне. У нас быў дадатковы кругласуткавы пост міліцыі на гэтай экспазыцыі. А яшчэ павесілі электронную ахову з промнямі. Падрыхтаваліся, як мае быць”.

Музэй у Тамашоўцы таксама прымаў на захоўваньне каштоўныя рэліквіі з Масквы, але ня меў сродкаў на аплату міліцэйскай сыгналізацыі. Як кажа захавальнік фондаў Аляксей Жэлянок, злодзеі скралі касьмічны рыштунак Пятра Клімука.

(Жэлянок: ) “Я ня думаю, што знойдуць гэты скафандр. На сотні тысяч даляраў яго вартасьць, як высьвятляецца”.

Таксама дырэктар Юрый Кітурка, музэй якога ў Гародні страціў унікальную каменную фігурку шахматнай ладзьдзі XII стагодзьдзя, губляе надзею, што адшукаюць найкаштоўнейшы экспанат.

(Кітурка: ) “Нічога пакуль не высьветлілася…”.

У райцэнтры Шуміліна на Віцебшчыне тры месяцы таму з музэя зьнікла парадная кавалерыйская шабля. Супрацоўніца Ірына Вараб’ёва гаворыць, што міліцыя не напала на сьлед злодзея.

(Вараб’ёва: ) “Крыўдна, канечне. Няма нічога”.

У Аршанскім раёне злодзеі атрымалі заказ скрасьці біўні маманта. Ім удалося абрабаваць музэй у вёсцы Вусьце. Райаддзел адмовіўся заводзіць крымінальную справу. Непрафэсійнасьць пінкертонаў заўважыў пракурор Мікалай Лучына:

(Лучына: ) “Міліцыя палічыла, што біўні не зьяўляюцца каштоўнасьцю. А я прыйшоў да іншай высновы: яны вельмі каштоўныя, бо былі адшуканыя ў Аршанскім раёне на беразе Дняпра”.

Мікалай Лучына на падставе свайго прафэсійнага досьведу сьцьвярджае, што ў Беларусі набіраюць папулярнасьць крадзяжы з музэяў. Бандыты выконваюць заказы калекцыянэраў антыкварыяту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG