Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У паўстаньні 1830-1831 беларусы змагаліся на абодвух бакох, а ў рэканструкцыі – на баку расейцаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У мінулыя выходныя ў польскай сталіцы адбыўся вялікі гістарычны спэктакль – рэканструкцыя адной зь бітваў вызвольнага паўстаньня 1830-1831 гадоў, калі войска расейскай імпэрыі каля Варшавы не змагло перамагчы паўстанцаў. У імпрэзе ўзялі ўдзел таксама “жаўнеры” зь Менску.

Нягледзячы на даволі халоднае надвор’е і моцны сьнегапад паглядзець на бітву прыйшлі тысячы жыхароў Варшавы. А глядзець было на што – у польскую сталіцу прыехалі больш за тры сотні сяброў ваенна-гістарычных клюбаў з Польшчы, Расеі, Латвіі, Літвы і Беларусі.

Бітва, якая пачалася з палымянай прамовы камандуючага войскам паўстанцаў генэрала Юзэфа Хлапіцкага, зь пераменным посьпехам цягнулася каля дзьвюх гадзінаў.

У ход пайшлі кавалерыя, гарматы і нават ракеты – у гэтай бітве 174 гады таму ў войску каралеўства польскага ўпершыню зьявіліся ракетныя аддзелы.

Потым, калі “расейскае войска” было вымушанае адступіць, удзельнікі інсцэнізацыі ўрачыста ўшанавалі памяць загіблых у гэтай бітве жаўнераў.

Знайсьці беларусаў зь менскага клюбу “Грэнадэр”, якія бралі ўдзел у бітве, аказалася справай нялёгкай, бо яны былі ў форме жаўнераў расейскай імпэрыі, а пад вялікім штандарам з “Пагоняй”, як высьвятлілася, змагаліся літоўцы і латышы.

Кіраўнік клюбу Ўладзімір Паўлаў, які быў у мундзіры маёра Берасьцейскага пяхотнага палка” кажа, што ніякіх супярэчнасьцяў у гэтым няма, бо ў часе паўстаньня беларусы былі таксама і ў шэрагах расейскай арміі, якая гэтае паўстаньне задушыла.

(Паўлаў: ) “Беларусы былі і з аднаго, і з другога боку. Наш дэвіз у вывучэньні вайсковай гісторыі такі, што мы ня робім высноваў, а толькі вывучаем”.

Між тым, паводле прадстаўнікоў варшаўскіх уладаў – арганізатараў гістарычнага спэктаклю – такія імпрэзы, нягледзячы на значны кошт, вельмі важныя, бо гэта найлепшыя лекцыі гісторыі і патрыятызму перадусім для моладзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG