Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расею на міжнародным конкурсе “Эўрабачаньне-2005” будзе прадстаўляць беларуска


Ігар Карней, Менск Чарговая спроба патрапіць на конкурс “Эўрабачаньне” стала пасьпяховай для маладой магілёўскай сьпявачкі Натальлі Падольскай – праўда, дзеля гэтага ёй давялося пераехаць у Расею. Менавіта Падольская стала пераможцай фіналу тэлевізійнага туру “Эўрабачаньне-2005. Выбірае Расея” на Першым канале. Як сьцьвярджае расейскі бок, беларускае грамадзянства Падольскай ня ёсьць у дадзеным выпадку перашкодай, і 21 траўня Падольская будзе прадстаўляць у Кіеве Расейскую Фэдэрацыю.

Якраз год таму Натальля Падольская брала ўдзел у адборачных канцэртах на права прадстаўляць Беларусь у фінале “Эўрабачаньня” у Стамбуле. Аднак працэдура вызначэньня пераможцаў тэлефонным і інтэрнэт-галасаваньнем скончылася вялікім скандалам. Паводле Белтэлерадыёкампаніі, перамогу атрымаў дуэт з Барысава “Аляксандра і Канстанцін”, а Падольская, якая заняла другое месца, павінна была паехаць у Турэччыну ў якасьці дублёра. Між тым, на сайце інтэрнэт-правайдэру “Белтэлеком” былі зьмешчаныя зусім іншыя дадзеныя: найбольш глядацкіх галасоў атрымала менавіта Падольская, а на рахунку барысаўскага дуэту іх было ў сем разоў меней.

Ехаць дублёрам у Стамбул Падольская адмовілася. Ад таго часу яна пасьпяхова дэбютавала ў праекце Першага каналу “Фабрыка зорак”, заняўшы трэцяе месца.

Нагадаем, што Беларусь на “Эўрабачаньні-2005” у Кіеве будзе прадстаўляць сьпявачка Анжэліка Агурбаш, якая апошнім часам стала жыве ў Расеі.
XS
SM
MD
LG