Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы ня раюць спадзявацца на Расею ў пытаньні Беларусі


Ігар Карней, Менск Напярэдадні ў Маскве прайшоў круглы стол, прысьвечаны праблеме парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Грамадзкія і палітычныя дзеячы, а таксама праваабаронцы з дзьвюх краінаў аналізавалі цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, а таксама абмяркоўвалі магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў у краіне.

Калі расейскі бок колькасна быў прадстаўлены досыць сьціпла, то ад Беларусі ў Маскву выправілася цэлая дэлегацыя. Дыспрапорцыю патлумачылі тым, што расейцы хацелі ня столькі даваць нейкія парады, колькі, найперш, выслухаць беларусаў. Такім чынам, у прэсавым цэнтры Расейскага інфармацыйнага агенцтва “Новости” гасьцявалі: ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька і старшыня фонду “Разам” пры БХК Уладзімер Някляеў; супрацоўніца праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяна Равяка, кіраўнік грамадзкага руху “За справядлівыя выбары” Аляксандар Вайтовіч, адзін з кіраўнікоў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў, старшыня аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка. Ад расейскага боку “першай скрыпкай” быў старшыня Савету ў зьнешняй і абароннай палітыцы Сяргей Караганаў.

Уздымаліся найбольш праблемныя для Беларусі тэмы – перасьлед апазыцыйных дзеячаў, абмежаваньне свабоды слова, фактычная забарона на правядзеньне сходаў і мітынгаў. У гэтым зьвязку ўзгадвалася, што летась Эўразьвяз унёс на разгляд ААН распрацаваны пры падтрымцы ЗША праект рэзалюцый, у якіх была выказаная заклапочанасьць пашырэньнем практыкі крымінальнага перасьледу лідэраў апазыцыі і праваабаронцаў, а таксама тое, што Беларусь ня выканала міжнародных абавязацельстваў – правесьці свабодныя выбары і рэфэрэндум. Тады на прапанову Расеі разгляд рэзалюцыі быў спынены “з працэдурных меркаваньняў”.

Менавіта роля Расеі ў палітычным лёсе Беларусі застаецца найбольш “далікатнай”: было сказана, што пакуль расейскае кіраўніцтва ня спыніць лабіраваць беларускі рэжым, рэальных крокаў да дэмакратыі чакаць цяжка. Падчас адной з папярэдніх падобных сустрэчаў старшыня расейскага Фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў наўпрост казаў, што сучасная Расея калі што і нясе суседзям, то збольшага небясьпеку (далей працытую): “На сёньняшнюю Расею разьлічваць небясьпечна, яна ненадзейная і зусім ня ведае саму сябе. Яна ня здольная праграмаваць сваю будучыню”.

Аднак, на думку спадара Сіманава, асобныя палітыкі цьвяроза ўспрымаюць беларускія рэаліі.

(Сіманаў: ) “Ёсьць палітыкі, абсалютна неабыякавыя да Беларусі. Больш за тое, у гэтым кірунку яны і працуюць. Але зь імі настолькі сапсаваныя адносіны, што яны ня могуць афіцыйна патрапіць у Беларусь. Таму, паўтараю, некаторым палітыкам ня ўсё роўна, што адбываецца ў Беларусі”.

Між тым, удзельнікі круглага стала акцэнтаваліся ня толькі на парушэньнях правоў асобных прадстаўнікоў дэмакратычнага лягеру. Так, паэт Уладзімер Някляеў распавёў, як бесцырымонна ў Беларусі парушаюцца правы цэлых творчых саюзаў.

(Някляеў: ) “Той жа Саюз пісьменьнікаў – арганізацыя, якая была адной з самых моцных ва ўсіх адносінах. Маёмасьць адбіраюць дагэтуль, і ва ўласным доме ўсё менш застаецца правоў. Са мной колісь пачалі змаганьне за часопісы беларускія, і тады цяжка яшчэ было патлумачыць, што гэта ўжо выпрацаваная палітыка ў адносінах да пэрыядычнага друку. Усё больш звужваецца асяродак фізычнага існаваньня, і тут людзей можна зразумець: трэба карміць сям’ю, апранацца. Асяродак, дзе можна зарабіць капейчыну, усё меншы. Ну, ня ўсе ж, насамрэч, здольныя пайсьці вартаўнікамі, дый вартаваць асабліва ўжо няма чаго. У выніку людзям няма куды падзецца…”

Удзельнікі круглага стала ў праблемах правоў чалавека ў Беларусі прыйшлі да традыцыйнай ужо высновы, што падобныя сустрэчы трэба ладзіць рэгулярна.
XS
SM
MD
LG