Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На рынках забаронена падвышаць кошты на садавіну й гародніну


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму загадала адміністрацыям сталічных рынкаў стрымліваць рост коштаў на садавіну й гародніну. Гэтага запатрабаваў старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў. Чым тлумачаць такое рашэньне сталічныя “граданачальнікі” і як на яго адрэагавалі на рынках?

Як падаюць афіцыйныя крыніцы, на адной з нарадаў Міхаіл Паўлаў заявіў, што недапушчальна, каб кошт на садавіну і гародніна падвышаўся адразу на 20-25%, як гэта здараецца напачатку вясны. Паводле яго, рост коштаў непазьбежны, але гэта павінна адбывацца паволі.

Затым сталічны мэр параіў сваім падначаленым часьцей бываць на рынках, гутарыць з дырэктарамі і адпаведным чынам уплываць на сытуацыю. Паводле яго, калі прыватнік адмаўляецца трымаць кошт, то побач зь ім мусіць зьявіцца гандляр зь дзяржаўнай сеткі гандлю, які будзе прадаваць гэткі ж якасны, але значна таньнейшы тавар.

Літаральна празь дзень пасьля гэтага выступу прадстаўнікоў адміністрацыяў рынкаў сабралі ў Менгарвыканкаме і загадалі кошты на садавіну і гародніну вярнуць на ўзровень 1 лютага і не падвышаць да 1 красавіка. У адміністрацыях рынкаў неахвотна камэнтуюць загады кіраўніцтва, а таксама свае дзеяньні. Але пацьвярджаюць, што рост коштаў на капусту, бульбу, моркву, буракі сапраўды адбываецца і, што цяпер яны вымушаныя стрымліваць гэты працэс адміністрацыйнымі сродкамі. Вось як гэта пракамэнтавала прадстаўніца адміністрацыі Камароўскага рынку Зінаіда Кандрацкая:

(Кандрацкая: ) “Гэта рынак. Спрадвеку так было, што вясной бульба, морква, капуста, буракі – гэтыя прадукты заўсёды даражэюць. Бо іх трэба было захаваць, завезьці й гэтак далей. І гэта аб’ектыўна, на маю думку. Нават у правілах гандлю запісана, што калі суб’ектам, якія рэалізуе тавар зьяўляецца вытворца, то кошты не рэгулююцца, а іх вызначае попыт і прапанова”.

А як адрэагавалі на адміністрацыйнае ўтрыманьне росту коштаў на садавіну й гародніну гандляры, якімі зьяўляюцца перадусім прыватныя асобы й прыватныя прадпрыемствы? Прадпрымальнікі перакананыя, што адміністрацыйнае ўтрыманьне росту коштаў на сельгаспрадукцыю ёсьць рашэньнем з таго ж шэрагу, што і ўсталяваньне падатку на дабаўленую вартасьць, супраць чаго зараз пратэстуюць так званыя “чаўнакі”, а таксама з таго ж шэрагу, што й прыбіраньне на зіму вулічнага гандлю садавінай, які кожную вясну аднаўляецца напалову й гэткім чынам згортваецца. Яны лічаць, што ўсё гэта ёсьць адзіным наступам на прыватны дробны бізнэс й зачысткай поля для дзяржаўнага гандлю.

У цяперашнім выпадку, штучнае ўтрыманьне коштаў на гародніну стане разбуральным для прыватнікаў. Да прыкладу вось як гэта ў інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў кіраўнік Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа:

(Патупа: ) “Гэта паўзучая нацыяналізацыя. Усе галіны, якія толькі патрэбныя, дзяржава намагаецца ўзяць пад свой кантроль і гэта вайна супраць дробнага бізнэсу – гэта відавочна. Толькі ў Менску за апошнія два гады было зьнішчана тры тысячы кіёскаў. І гэткіх прыкладаў вельмі многа. Гэта крок да зьнішчэньня дробнага бізнэсу ў тым сэнсе, у якім ён існуе сёньня”.
XS
SM
MD
LG