Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі патрабуюць ад прэзыдэнта адстаўкі ўраду


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія прадпрымальнікі рыхтуюцца да агульнанацыянальнага бестэрміновага страйку, пачатак якога заплянаваны на заўтра, 1 сакавіка. Як мы ўжо паведамлялі, падставай для гэтага пратэсту прадстаўнікоў дробнага бізнэсу стала ўвядзеньне ўрадам падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, увезеныя з Расеі.

Нядзеля 27 лютага стала апошнім днём працы прадпрымальнікаў перад сакавіцкім страйкам. Я наведаў шэраг сталічных рынкаў – як вынікае з тлумачэньня гандляроў, каля 90 адсоткаў зь іх мае намер браць удзел у абвешчанай акцыі пратэсту. Падобная сытуацыя і ў рэгіёнах. Паводле прадпрымальнікаў, калі сёньня ўлады ня пойдуць ім на саступкі ды ня адменяць падатак на дабаўленую вартасьць, то мяркуемая акцыя, якая пачнецца заўтра, будзе самай масавай за ўсе гады існаваньня дробнага бізнэсу.

Гэтая масавасьць, трэба меркаваць, непакоіць улады. Як распавядалі мне ўчора гандляры рынку “Дынама”, апошнімі днямі атмасфэрай у прадпрымальніцкім асяродзьдзі актыўна цікавіліся асобы з праваахоўных органаў і спэцслужбаў. А ў грамадзкім аб’яднаньні “Пэрспэктыва” мне паведамілі, што ў шэрагу рэгіёнаў меў месца ціск на прадпрымальніцкіх лідэраў.

У прыватнасьці, прадстаўнікі сілавых структураў бралі тлумачэньні ў актывістаў прадпрымальніцкага руху такіх менскіх рынкаў як “Ждановічы”, “Чэрвеньскі” і “Аквабэл”. Учора, таксама паводле зьвестак “Пэрспэктывы”, быў затрыманы праваахоўнымі органамі адзін зь яе рэгіянальных лідэраў, Леанід Невар з Рэчыцы. Да таго, як гэта адбылося, я меў гутарку са спадаром Неварам, і вось што ён мне сказаў:

(Невар: ) “У краіне насьпеў крызыс. Асабліва – у раённым маштабе. Народ там неплацежаздольны – большая частка жыве ў галечы. З гэтай прычыны прадпрымальнікі ня могуць нармалёва зарабляць. Мы паказалі гэта ўраду на лічбах і фактах. Пра тое, што прадпрымальнік у раённым цэнтры зарабляе хто 100 тысяч рублёў, хто 200 тысяч, а максымальна можна тут зарабіць 300 тысяч. І калі зараз яго абкласьці сэртыфікацыяй і падаткам на дабаўленую вартасьць, то мы робімся банкрутамі. Гэта поўнае крушэньне прадпрымальніцтва. Таму й прадпрымальнікі выступаюць за адстаўку ўраду, і будзем прасіць прэзыдэнта вырашыць гэтае пытаньне”.

Такім чынам, прадпрымальнікі выступаюць за адстаўку ўраду, але будуць прасіць адмяніць падатак на дабаўленую вартасьць прэзыдэнта. А між тым, з выказваньня Аляксандра Лукашэнкі 17 лютага вынікае, што ён у гэтым пытаньні падтрымлівае ўрад. Ці ёсьць у такім выпадку сэнс прадпрымальнікам зараз разьлічваць, што ён пойдзе ім на саступку?

Прадпрымальніцкае асяродзьдзе вельмі неаднароднае. Яны па-рознаму разумеюць прычыны сваіх цяперашніх складанасьцяў. Частка іх насамрэч лічыць, што вінаватыя толькі некаторыя ўрадавыя чыноўнікі, а Лукашэнка нібыта стаў закладнікам іх дэзінфармацыі наконт падатку на дабаўленую вартасьць. З другога боку, ёсьць і вялікая частка бізнэсоўцаў, якія лічыць, што падатковае новаўвядзеньне для іх – ініцыятыва найперш Лукашэнкі. І яны разумеюць, што цяперашняе становішча вымагае ад іх палітычных дзеяньняў.

У гэтай сытуацыі ў некаторых рэгіёнах прадпрымальнікі зьвярнуліся па дапамогу да прадстаўнікоў палітычных структур. Я нагадаю, што ў Салігорску, напрыклад, на мінулым тыдні адбыўся мітынг, які прадпрымальнікі ладзілі разам зь мясцовымі апазыцыянэрамі. У выніку супольны мітынг прыняў рэзалюцыю, у якой быў выказаны недавер уладам усіх узроўняў, у тым ліку Лукашэнку. А ў Дзяржынску зь нядаўняга часу лідэркай тамтэйшых прадпрымальнікаў стала вядомая актывістка дэмакратычнага руху Тацяна Ваніна. Напярэдадні страйку дзяржынскім бізнэсоўцам вельмі спатрэбіўся палітычны досьвед спадарыні Ванінай:

(Ваніна: ) “Я ішла на выбары, і яны ўсе за мяне галасавалі. Таму яны да мяне зьвярнуліся і кажуць: што рабіць? З прадпрымальнікаў мы зрабілі арганізацыю. Падаткі ад прадпрымальнікаў ідуць выключна ў мясцовы бюджэт. Я проста хачу прывесьці некаторыя лічбы. Паступленьні ад падаткаў прадпрымальнікаў складаюць 2,8 мільярды рублёў у год. На ўтрыманьне органаў дзяржаўнага кіраваньня і мясцовага самакіраваньня ідзе 1 мільярд. На дапамогу сельскай гаспадарцы раёна ідзе 1 мільярд 300 мільёнаў. Аказваецца, прадпрымальнікі аплочваюць два самыя істотныя артыкулы выдаткаў, ды яшчэ й застаюцца грошы на іншыя рэчы. Таму для мясцовых бюджэтаў вельмі важна, будуць яны працаваць ці не”.
XS
SM
MD
LG