Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні невядомыя спынілі машыну Сяргея Скрабца і затрымалі яго (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня пасьля 14 гадзінаў у Горадні невядомыя людзі ў цывільным затрымалі былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца. Затрыманьне адбылося каля дома генэрала Валерыя Фралова на вуліцы Сьвярдлова. Сяргей Скрабец пакінуўшы дом, сеў у машыну, але яе “падрэзала” другая машына, зь якой выйшлі людзі ў цывільным.

Паводле В.Фралова, за ягоным домам сочаць і праслухоўваюць ягоны тэлефон. Ён лічыць, што толькі таму міліцыянты ведалі, дзе знаходзіцца С.Скрабец.

Паводле генэрала, С.Скрабца шукала міліцыя, каб, хутчэй за ўсё, пакараць за мітынг гарадзенскіх прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 лютага. Напярэдадні мітынгу ў горадзе зьявілася ўлётка, пад якой, у прыватнасьці, стаялі прозьвішчы Фралова і Скрабца. Самога В.Фралова за мітынг пакаралі штрафам на суму 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў (300 базавых велічыняў). Генэрал меркаваў, што спадара Скрабца маглі даставіць у Ленінскі РАУС горада. Аднак дзяжурны Ленінскага райаддзелу міліцыі сказаў па тэлефоне нашаму карэспандэнту Радыё Свабода, што С.Скрабца ў РАУС не дастаўлялі.

Сяргей Скрабец прыехаў у Горадню, каб сустрэцца са студэнтамі ў інтэрнаце мэдыцынскага унівэрсытэту. Яны паставілі свае подпісы за вылучэньне яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у 52-й Гарадзенскай Цэнтральнай акрузе. Аднак камісія не зарэгістравала яго, спаслаўшыся на 81 выбаршчыка, якія адклікалі свае подпісы. Гэтыя выбаршчыкі пражываюць у студэнцкім інтэрнаце.

***

Стала вядома, што яго даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі. Сяргея Скрабца зьмясьцілі ў ізалятары часовага утрыманьня, які знаходзіцца ў Ленінскім РАУС. Мяркуецца, што ў панядзелак раніцай яго даставяць у суд, каб разгледзець адміністрацыйную справу супраць яго. Міліцыя лічыць яго адным з арганізатараў мітынгу гарадзенскіх прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 лютага. Прадпрымальнікаў заклікалі сабрацца ў гэты дзень у Старым гарадзкім парку ўлёткай, пад якой сярод іншых стаяла прозьвішча Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG