Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі на Магілёўшчыне (з аўдыё і фотагалерэяй)


Ягор Маёрчык, Горкі, Магілёўшчына (эфір 21 лютага). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Кірыенкава: ) “Пра мяне напісала газэта “Ленінскі шлях”. Ля райвыканкаму мы рабілі пікет, каб нагадаць пра зьніклых людзей. І пасьля газэта напісала ў такім стылі: палітычныя прастытуткі й палітычныя сутэнэры. Атрымліваецца, што Віктар Каралькоў — мой сутэнэр, а я ў яго — палітычная прастытутка”.

Гэтыя словы Наталья Кірыенкава вымавіла ў 2002 годзе. Тады яна была сяброўкай Горацкай філіі “Маладога фронту” ды ладзіла пікетаваньні.

Horki - Горкі

Праз тры гады насупраць мяне сядзіць худзенькая дзяўчына. Сумна ўсьміхаецца. Я згадваю мінулыя падзеі, і Натальля падхоплівае:

(Кірыенкава: ) “Я ніколі не ўзначальвала “Малады фронт”. Я папросту дапамагала ствараць тут суполку. Мы сабралі тады групу людзей, але не знайшлі лідэра. І ўсё распалася”.

(Карэспандэнт: ) “А прычына якая?”

(Кірыенкава: ) “Я мяркую, што гэта апатыя ад стомленасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Тады раёнка друкавала пра вас. Пасьля таго дачыньні з уладамі зьмяніліся?”

(Кірыенкава: ) “Цяпер ніякіх дачыненьняў няма. Але рэдактарка газэты вельмі хоча са мной пазнаёміцца. Заўсёды са мной вітаецца на вуліцы”.

(Карэспандэнт: ) “Пазнаёміліся б ужо...”

(Кірыенкава: ) “Я не хачу. Я абыходжу такіх людзей бокам”.

(Карэспандэнт: ) “Колішяя апацызыйная актыўнасьць вам ня шкодзіць? Вы нідзе не сутыкаецеся з наступствамі?”

(Кірыенкава: ) “Сутыкаюся. Я спрабавала ўладкавацца на працу, але мне адмовілі”.

Цяпер Натальля Кірыенкава вучыцца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Гэтая ВНУ і ёсьць галоўнай адметнасьцю райцэнтру, на дзённым і завочным адьзяленьнях — па 5 тысяч чалавек. Болей за 40% ад насельніцтва Горак — гэта моладзь.

Horki - Горкі

У афіцыйнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі ёсьць такі радок: “У 1985 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію”. Падчас падрыхтоўкі першай праграмы пра Горкі адзін з выкладчыкаў згадаў той час:

(Спадар: ) “Лукашэнка вучыўся ў акадэміі завочна. А завочнікі вучацца наскокам. Наколькі мне вядома, у яго асаблівых дасягненьняў не было. Выкладчыкі яго запомнілі. Адзін мне казаў: “Я ў яго два іспыты прымаў і дзьве тройкі паставіў”.

Тры гады таму карэспандэнт “Свабоды” запісаў выказваньне аднаго са студэнтаў:

(Студэнт: ) “Гэта самы вялікі жарт. У нас усе студэнты спадзяюцца, што яны будучыя прэзыдэнты. Калі я сюды паступіў, мы зь сябрам абышлі акадэмію. Мы шукалі шыльду ў гонар самага галоўнага выпускніка, але так яе і не знайшлі”.

Сёлета я адшукаў таго самага студэнта. І зноў запытаўся пра шыльду.

(Студэнт: ) “Тады мы шукалі шыльду дзеля жарту. Але цяпер зьявіліся менш жартоўныя рэчы. Паўсюль вісіць шмат ягоных партрэтаў. Яны ў кожнай аўдыторыі. У нас прадаюцца партрэты вялікія і маленькія. Як толькі яны зьявіліся, я падышоў да гандляркі і дзеля жарту запытаўся: “Якія прэзыдэнты ідуць лепей: вялікія ці маленькія?” Яна адказала, што пакуль што прэзыдэнтаў не бяруць”.

(Карэспандэнт: ) “Хацеў яшчэ распытаць пра транспартную праблему. Некалі праз Горкі хадзіў цягнік...”

(Студэнт: ) “Гэта быў цягнік “Унеча—Горадня”. Ён заўжды хадзіў праз нашую станцыю. Але пасьля 1994 году ён пачаў даяжджаць да Воршы і паварочваць на Шклоў. Хаця прасьцей было ехаць менавіта праз Горкі. Цяпер, каб выехаць з Горак, трэба трэсьціся ў электрычцы. Да Воршы яна едзе болей за гадзіну. Адбываюцца сапраўдныя штурмы. А калі студэнты прыяжджаюць назад, усе яны хочуць патрапіць у аўтобусы, якія чакаюць на вакзале. Студэнты бягуць да іх сапраўдную стомэтроўку. Усе з гэтай нагоды сьмяюцца. І кажуць, што пасьля наступных выбараў, цягнік, мажліва, зноў паедзе нармальным маршрутам. Што да цягніка, усе зьвязваюць надзеі з наступнымі выбарамі”.

Ужо прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка неяк наведаўся ў Горкі. Да візыту рыхтаваліся. Асаблівы аўрал з нагоды прыезду выпускніка перажыла акадэмія. З таго часу па райцэнтры гуляе ці то байка, ці то легенда.

(Спадарыня: ) “Да прыезду Лукашэнкі рыхтавалі выставу. Першай прыехала ягоная ахова. Яны зайшлі ў залю і пачалі глядзець. Доўга глядзелі на партрэт Лукагшэнкі. А пасьля міжсобку і гавораць: “Погляд у яго тут ня вельмі. Не спадабаецца ён сам сабе”. І тэрмінова пачалі шукаць іншы партрэт, каб — ня дай бог! — Лукашэнка сам сабе не ўпадабаўся”.

Horki - Горкі

Ужо некальмі гадоў Міхал Міхалыч працуе пад пільным позіркам Аляксандра Рыгоравіча. Партрэт спадара Лукашэнкі вісіць на сьцяне кабінэту старшыні тутэйшага райвыканкаму спадара Анікіева. З вэртыкальнікам мы гутарым пра ўсё тую ж моладзь. У прыватнасьці, пра тое, што ў Горках заўважна павялічылася колькасьць наркаманаў.

(Анікіеў: ) “Вы задалі мне пытаньне пра тое, што ў дзіцячым парку шпрыцы валяюцца. У нас такой інфармацыі няма. Выдатны парк! Улетку там увесь час вельмі шмат дзяцей і моладзі. Што да кантактаў з нашай моладьдзю, раз на квартал мы ладзім сустрэчы са студэнтамі. У нас ёсьць праграма працы зь імі. І вялікіх правапарушэньняў у нас няма”.

(Карэспандэнт: ) “Нядаўна ў вас было паседжаньне райвыканкаму. Тады прагучалі дзьве лічбы. За мінулы год моладзевая злачыннасьць падвысілася на 68%, а колькасьць згвалтаваньняў — ледзь ня ў два разы”.

(Анікіеў: ) “Гэтыя лічбы тычацца непаўналетніх. Так, у нас ёсьць рост злачынасьці. Больш за ўсё гэта адбываецца ў вясковай мясцовасьці, а ня ў горадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Пагутарыў я зь людзьмі. Пажуць, пэўны час у вас была праблема з хлебам. Прадпрымальнікі прывозілі хлеб зь іншых раёнаў, а тут забаранялі яго прадаваць”.

(Анікіеў: ) “Нашая пякарня апошнія два гады працуе вельмі стабільна. Яны засвоілі болей за дванаццаць гатункаў новай прадукцыі. Мы лічым, што калі да нас будуць прывозіць больш якасны хлеб, гэта будзе прымушаць пякарню працаваць лепей. Таму, лічу, што не павінна быць забароны не нейкую прадукцыю”.

Згаданы на пачатку праграмы прадпрымальнік Віктар Каралькоў ачольвае тутэйшую філію Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

(Карэспандэнт: ) “Віктар, прайшло тры гады. Мінулы раз гаворка ішла пра тэндэнцыю — тады расейцы скуплялі мясцовыя прыбытковыя прадпрыемствы. Размова тады ішла пра масласырзавод і сока-экстрактны. Што зьмянілася за гэты час?”

(Каралькоў: ) “Я бы не сказаў, што зьмянілася нешта кардынальна. Кантрольны пакет акцыяў масласырзаводу ў дзяржавы. Акцыянэрам зьяўляецца кампанія “БелРос”. Кіраўнік “БелРосу” Ізмайловіч жыве недзе ў Маскве”.

Horki - Горкі

Дадамо толькі, архіўны запіс. Віктар Каралькоў, хто такі спадар Ізмайловіч:

(Каралькоў: ) “Ізмайловіч — гэта чалавек Ціцянкова, сядзеў за рэкет у Польшчы, а пасьля працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі”.

Сям’я Каральковых стала вядомая ўсёй Беларусі пару гадоў таму. Старэйшая дачка Марыя пайшла ў першую клясу. Беларускай школы ў горадзе не было. Аднак бацькі дамагліся тады, каб дзяўчынцы выкладалі на роднай мове. Марыя і цяпер вучыцца адна. А ў клясе малодшага брата Мікіты ўжо сямёра чалавек.

У Горках мову суседняй краіны пачуеш часьцей за беларускую. Жыхар паселішча Міхал Касьцюкевіч у часе вулічнага апытаньня тры гады таму:

(Касьцюкевіч: ) “Дваццаць кілямэтраў да мяжы з Расеяй. У нас тут усё перамяшана. І мы ня ведаем ні расейскай, ні беларускай мовы. Ты больш, што ў школе мы беларускай мовы не вывучалі. Для такіх рэчаў людзей трэба выхоўваць”.

За гэты час набажэнствы у Царкве веры Эвангельскай “Божая ласка” пачалі адпраўляцца па-беларуску. Вернік Вячаслава Лобана зрабіў гэта з уласнай ініцыятывы.

(Лобан: ) “Вырашылі і зрабілі. У пэўным сэнсе, гэта няцяжка. Гэта толькі накладае дадатковую адказнасьць непасрэдна на таго, хто гэта робіць”.

(Карэспандэнт: ) “А якая была рэакцыя людзей?”

(Лобан: ) “Хтосьці гэта ўспрымаў з усьмешкай, хтосьці паціскаў руку. А моладзь так захапілася, што свае службы таксама пачала рабіць па-беларуску”.

(Карэспандэнт: ) “Вы і цяпер чытаеце казані па-беларуску?”

(Лобан: ) “Я цяпер не чытаю казаньняў зусім. Але я працую над тым, каб рабіць гэта грунтоўна. На дадзены момант я ўзбагачаю сваю лексыку — чытаю слоўнік Некрашэвіча. Я знаходжуся ў расейскамоўнай прасторы, мне не хапае лексычнага запасу”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля зноў пачняце чытаць казані? На якой мове?”

(Лобан: ) “Мяркую, што па-беларуску. Той досьвед, якія я атрымаў, быў някепскім”.

У Горках ужо пяць з паловай гадоў выходзіць незалежны тыднёвік “Рэгіянальныя ведамасьці”. Напярэдадні леташніх выбараў і рэфэрэндуму Міністэрства інфармацыі прыпыняла дзейнасьць выданьня. Нядаўна газэта запрацавала зноў. Я гутару з супрацоўнікам рэдакцыі Эдуардам Брукаравым:

Horki - Горкі

(Карэспандэнт: ) “У якіх умовах прыходзіцца працаваць недзяржаўнай газэце ў Горках?”

(Брукараў: ) “Нельга сказаць, што яны выдатныя. Яны значна горшыя, чым у дзяржаўнай раёнцы. Чыноўнікам ня вельмі хочацца расказваць асабліва пра тое, дзе яны выглядаюць не найлепшым чынам. Тады яны пачынаюць спачылацца на тое, што мы не акрэдытаваныя ў райвыканкаме. Цяпер мы маем магчымасьць прысутнічаць на сэсіях райвыканкаму і на сэсіях раённага савету. Хаця бывала, што з паседжаньняў нас выдалялі”.

(Карэспандэнт: ) “Які ў вас наклад?”

(Брукараў: ) “Наклад 4 тысячы. Мы самая шматтыражная газэта ў Горках. Наш наклад на чатыры асобнікі перавышае наклад раённай газэты”.

Horki - Горкі

Горкі сёньняшнія і Горкі трохгадовай даўніны мала чым розьняцца. Гэта тычыцца дабрабыту людзей і стану тутэйшай прамысловасьці. Заўважна, што ў дзеяньнях і выказваньнях жыхары райцэнтру сталі больш абачлівымі.

***

Horki - Горкі

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG