Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі М.Статкевіча правялі 26 лютага ў Менску зьезд БСДП (Народная грамада)


Алесь Дашчынскі, Менск 26 лютага ў Менску адбыўся зьезд часткі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная грамада, якая падтрымлівае Міколу Статкевіча. На зьезьдзе, паводле спадара Статкевіча, былі прадстаўленыя больш за 80% рэгіянальных арганізацый. Пераважнай большасьцю галасоў Мікола Статкевіч абраны на пасаду старшыні БСДП (НГ). Зьезд прыняў рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што выключэньне з партыі спадара Статкевіча было беспадстаўным. Праведзены 15 студзеня зьезд, на якім старшынём Народнай грамады быў абраны Анатоль Ляўковіч, дэлегаты прызналі неправамоцным.

Канфлікт у кіраўніцтве БСДП (Народная грамада), які дасягнуў кульмінацыі напрыканцы мінулага года, старшыня партыі Мікола Статкевіч назваў “бунтам намесьнікаў”. Ягоны апанэнт, першы намесьнік Уладзімер Нісьцюк, зьвінаваціў старшыню ў парушэньні партыйнага статута і аўтарытарным стылі кіраваньня. Партыйныя структуры выключылі з партыі як Міколу Статкевіча, так і Ўладзімера Нісьцюка.

Арбітрам у гэтым канфлікце было абрана міністэрства юстыцыі. У лісьце за подпісам міністра Віктара Галаванава выключэньне з Народнай грамады спадара Нісьцюка прызнана неправамоцным. Адначасова мін’юст палічыў правамоцным выключэньне з партыі Менскім гаркамам Міколы Статкевіча. Выконваючым абавязкі старшыні Народнай Грамады міністэрства прызнала Ўладзімера Нісьцюка. Гэта здарылася напярэдадні пазачарговага зьезда Народнай грамады, які склікаў спадар Нісьцюк.

Мікола Статкевіч назваў рашэньне мін’юста правакацыяй і заявіў, што партыя будзе працаваць у падпольных умовах. Аднак, паводле Ўладзімера Нісьцюка, унутрыпартыйны канфлікт павінен быў канчаткова вырашыць пазачарговы зьезд, які адбыўся 15 студзеня.

На гэтым зьезьдзе новым старшынём партыі дэлегаты абралі былога кіраўніка Берасьцейскай абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў Анатоля Ляўковіча. Яны выказаліся таксама за аб’яднаньне зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадой Станіслава Шушкевіча.

У студзеньскім зьезьдзе “Народнай грамады” ўдзельнічала 87 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Паводле спадара Нісьцюка, яны прадстаўлялі прыкладна 75% партыйных структураў.

Са свайго боку, Мікола Статкевіч і ягоныя прыхільнікі не прызналі легітымнасьць гэтага зьезду. Спадар Статкевіч заявіў, што зьбярэ свой зьезд БСДП (Народная грамада), які пакажа, хто былы, а хто не. Яго падрыхтоўкай заняўся аргкамітэт, які склалі прадстаўнікі рэгіёнаў, сам Мікола Статкевіч у яго не ўвайшоў.

На парадак дня вынесены пытаньні пра сытуацыю вакол партыі, выбары кіраўніцтва і вызначэньне прэтэндэнта на адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Са свайго боку Анатоль Ляўковіч заявіў, што ня возьме ўдзелу ў гэтым неправамоцным зьезьдзе, але накіруе туды цэнтральную рэвізійную камісію, якая дасьць кваліфікацыю гэтаму мерапрыемству.

Нарэшце, 26 лютага ў Менску адбыўся зьезд часткі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная грамада, якая падтрымлівае Міколу Статкевіча. На зьезьдзе, паводле спадара Статкевіча, былі прадстаўленыя больш за 80% рэгіянальных арганізацый.

Праігнаравалі зьезд партыйныя структуры Берасьцейскай вобласьці, хаця і адтуль былі 2 прадстаўнікі зь Пінску і Баранавіч, а таксама некалькі рэгіянальных арганізацый зь іншых абласьцей ня ўдзельнічалі ў зьезьдзе. Усяго ў працы зьезда ўзялі ўдзел больш за 110 сябраў партыі.

Пераважнай большасьцю галасоў Мікола Статкевіч абраны на пасаду старшыні БСДП (НГ). Зьезд прыняў рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што выключэньне з партыі спадара Статкевіча было беспадстаўным. Праведзены 15 студзеня зьезд, на якім старшынём Народнай грамады быў абраны Анатоль Ляўковіч, дэлегаты прызналі неправамоцным.

Прыхільнікі М.Статкевіча лічаць, што ў шэрагах партыі была распачатая барацьба за рэвізію эўрапейскага палітычнага курсу. Гэтая барацьба была ініцыяваная звонку. Як гаворыцца ў рэзалюцыі зьезду, суб’ектамі зьнешніх уплываў выступілі антыэўрапейскія палітычныя сілы, спэцслужбы, і ў грубай і процізаконнай форме – міністэрства юстыцыі. Інструмэнтам гэтай рэвізіі палітычнага курса сталі некаторыя некалі аўтарытэтныя сябры партыі, якімі рухала альбо жаданьне паправіць сваё матэрыяльнае становішча за кошт падтрымкі прарасейскіх кандыдатаў у прэзыдэнты, альбо страх згубіць працу, альбо шантаж з боку спэцслужбаў.

Мікола Статкевіч, аднак, не выключае, што канфлікт у партыі пасьля гэтага зьезду працягнецца, бо частка рэгіянальных структураў яго праігнаравала. У рабоце зьезду ня бралі ўдзелу Анатоль Ляўковіч і Ўладзімер Нісьцюк. Апанэнты, паводле спадара Статкевіча, будуць і далей апэляваць да ўладаў і міністэрства юстыцыі, але Народная грамада пад яго кіраўніцтвам будзе працаваць над эўрапейскім выбарам.

Сярод гасьцей зьезду быў прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны. Генэральны сакратар СДПН Клаўс-Увэ Бэнэтэр даслаў прывітаньне ўдзельнікам зьезду і пажадаў посьпехаў у іх намаганьнях прывесьці народ Беларусі да дэмакратыі. У гэтым сэнсе спадар Бэнэтэр абяцае партыі Статкевіча дапамогу з боку нямецкай сацыял-дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG