Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гарантаваная абарона Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 23 лютага). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы міністар абароны Рэспублікі Беларусь Павал Казлоўскі і падпалкоўнік запасу, першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк.

(Валер Карбалевіч: ) “Паводле заяваў афіцыйных асобаў (кіраўніка дзяржавы, міністра абароны) апошнім часам абароназдольнасьць краіны павышаецца, узмацняецца баяздольнасьць беларускага войска. Лукашэнка неаднаразова сьцьвярджаў, што яно амаль што самае моцнае ў Эўропе. І сапраўды, апошні час кожны год праводзяцца вайсковыя вучэньні. Беларусь зьяўляецца вядомым у сьвеце экспартэрам зброі і ваеннага абсталяваньня. Зь іншага боку, як сьцьвярджаюць незалежныя экспэрты, асноўная частка ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі засталася з савецкага часу. Ужо амаль 15 гадоў няма грошай для набыцьця новых сыстэм зброі, таму іх рэсурсная база вычарпаная. Дык як ацаніць абароназдольнасьць краіны?”

(Павал Казлоўскі: ) “Баяздольнасьць краіны можна вызначаць па тым, як могуць вайсковыя часткі выканаць тую задачу, якая перад імі пастаўленая. Словы, якія кажа цяперашні галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі, не адпавядаюць рэальнаму стану справаў. Большасьць наяўных вайсковых частак сёньня ня баяздольныя. Прывяду такія праклады. У цэлых вайсковых частках сёньня тэхніка стаіць без акумулятараў. У вайскова-паветраных сілах каля 80% самалётаў ня баяздольныя. Іх рэсурс па агрэгатах, рухавіку, сыстэме кіраваньня поўнасьцю вычарпаны. Як можна ацаніць баяздольнасьць такога войска?”

(Карбалевіч: ) “Тады ўзьнікае такое пытаньне. А як жа нам ацэньваць тыя вайсковыя вучэньні, якія праходзяць кожны год? Нам паказваюць па тэлевізіі, якое ў нас цудоўнае войска, якая выдатная ў яго баяздольнасьць, як задаволены галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі”.

(Казлоўскі: ) “Так, праходзяць вучэньні, праводзяцца пампэзныя парады. На парадзе мінулым годам нават самалёты лёталі над Менскам. Ужо ідуць трэніроўкі для параду з нагоды 60-годзьдзя Перамогі. Але на гэтыя мерапрыемствы ідуць усе сродкі, якія маглі пайсьці на падтрыманьне баяздольнасьці ўсіх лінейных частак у розных гарнізонах. Сёньняшняе фінансаваньне войска складае 10–15% ад патрэбнага. Таму тое, што даецца камандзіру на ўвесь год, ён расходуе на гэтыя пышныя мерапрыемствы. Там усё зьядаецца (паліва і іншае), каб самалюбства аднаго чалавека было задаволенае. Пра гэта кажуць самі вайскоўцы. Я добра ведаю камандзіраў частак, кіраўнікоў упраўленьняў. Каму патрэбная гэтая пампэзнасьць, калі астатнія часткі ня баяздольныя?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Па-першае, войска — гэта частка дзяржавы, грамадзтва, частка той сацыяльна-эканамічнай і ваенна-палітычнай сыстэмы, якая створаная ў краіне. Таму ня вельмі правільна казаць пра войска ў адрыве ад усіх праблемаў, якія цяпер існуюць у дзяржаве. Сапраўды, зношаныя і ўжо непрыдатныя шмат адзінак ваеннай тэхнікі. Але спачатку трэба вызначыцца, для чаго патрэбнае нам войска і ці здольнае яно сваю задачу выканаць? Як палітык, былы вайсковец, грамадзянін, я не магу зразумець нашай ваеннай дактрыны, не разумею, супраць каго мы зьбіраемся змагацца? І якія нам дзеля гэтага патрэбныя сілы?

Калі войска патрэбнае толькі дзеля змаганьня з тэрарыстамі, то тады яно не патрэбнае такое вялікае. Тады патрэбнае невялікае войска, якое можа і дзейнічаць штодзённа, і, адначасова, дэманстраваць свае здольнасьці на вучэньнях. А ў нас атрымліваецца, што ёсьць некалькі частак, якія падтрымліваюць высокую баяздольнасьць, у якіх ёсьць падрыхтаваныя людзі, рэсурсы. І адначасова існуе шмат частак, якія не фінансуюцца як трэба. Усё гэта ня сьведчыць пра баяздольнасьць усяго войска. Па-другое, вучэньні, якія праходзяць, дэманструюць, што часткі, якія ў іх удзельнічаюць, на 80% боездольныя. А астатнія — не. Вядома, што патрэбы Міністэрства абароны зь бюджэту фінансуюцца, прыкладна, на 12–15%. Таму нельга сказаць, што войска баяздольнае. Але і нельга сказаць, што ў гэтым вінавата войска.

Дзяржава, якая мае войска, павінна гэтае войска фінансаваць як мае быць. І думаць пра баяздольнасьць войска мусіць ня толькі галоўнакамандучы, кіраўнік ураду, міністры. Гэта праблема ўсёй дзяржавы. Таму што ў адваротным выпадку яно ня зможа выканаць задачы, якая можа стаць перад ім у складаны час”.

(Карбалевіч: ) “Апошні час шмат увагі надаецца ваеннай рэформе. Пра гэта ўвесь час кажа падчас публічных выступаў міністар абароны Мальцаў. Сапраўды, зьмены ў войску адбываюцца. За апошнія тры гады яно скарацілася на 38,5 тысяч чалавек, стала больш кампактным. 60% асабовага складу ўзброеных сілаў складаюць прафэсіяналы, то бок афіцэры, прапаршчыкі й кантрактнікі. Укамплектаванасьць афіцэрскіх пасадаў складае больш за 90%, а ў 2002 годзе гэты паказчык складаў 78%. Беларускае войска перайшло на новыя “аргштатныя” структуры, ствараюцца новыя падразьдзяленьні. Як можна ацаніць гэтыя рэформы?”

(Казлоўскі: ) “Сёньня тыя афіцэры, якія служаць не ў штабах ці цэнтральным апараце, а ў войску, кажуць так, што ў выніку рэформы вайсковы арганізм выглядае, вобразна кажучы, як карлік, у якога вельмі вялікая галава ў выглядзе кіраўнічага апарату (замест галоўнага штабу зьявіўся генэральны штаб, павялічыліся іншыя кіроўныя структуры), і маленькае цела. Штабы павялічваюцца, войска скарачаецца. То бок галоўная ўвага надаецца не вайсковым часткам, якія павінныя выконваць баявую задачу, а кіроўнаму апарату. І гэта галоўная памылка ў гэтай рэформе.

Некалькі гадоў таму адмыслоўцы Міністэрства абароны падлічылі, якое магло б быць войска з улікам тых сродкаў, якія выдаткоўваюцца на яго, і якія могуць быць выдаткаваныя на пэрспэктыву. Дык вось паводле гэтых падлікаў аптымальная колькасьць вайскоўцаў, якая можа добра забясьпечвацца, падтрымліваць баягатоўнасьць, можа быць дзесьці каля 20 тысяч чалавек. І баявой тэхнікі павінна быць у некалькі разоў менш. Дзяржава павінна вызначыцца, якія рэсурсы яна можа выдаткаваць на войска, якое нам патрэбна войска з улікам тых пагроз, якія існуюць звонку (бо войска павінна змагацца толькі з вонкавымі пагрозамі), і прыняць рашэньне, якое войска мець па колькасьці, узбраеньні.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі я ўзначальваў групу, якая распрацавала праект ваеннай рэформы зыходзячы з гэтых падыходаў. Але ў нас толькі робяць выгляд, што мы маем самае моцнае войска ў Эўропе”.

(Нісьцюк: ) “Я хацеў бы абараніць нашых вайскоўцаў, кіраўнікоў Міністэрства абароны. Ня ўсё залежыць ад іх. Таму што было шмат вельмі прывабных плянаў ваеннай рэформы. Але вайскоўцы сутыкаюцца з праблемай недахопу рэсурсаў. Таму праблема ня ў зьмесьце вайсковай рэформа, а ў недахопе грошай. А перакос ў бок кіроўнага апарату — гэта хвароба ўсёй дзяржавы. Як толькі мяняецца структура, ідзе рэарганізацыя, кіроўныя органы захоўваюць для сябе пасады”.

(Карбалевіч: ) “Апошні час у вайсковым супрацоўніцтве з Расеяй узьніклі новыя праблемы. З гэтага году Беларусь значна скарачае колькасьць курсантаў і слухачоў, якія накіроўваюцца на вучобу ў расейскія вышэйшыя ваенныя ўстановы. У суботу Лукашэнка, магчыма, упершыню растлумачыў, чаму не атрымліваецца стварэньне адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны з Расеяй. Паводле ягоных заяваў, Расея ня хоча браць удзелу ў мадэрнізацыі гэтай сыстэмы, паставіць самалёты на баявое дзяжурства. Такім чынам, пагаршэньне беларуска-расейскіх дачыненьняў распаўсюдзілася і на вайсковыя адносіны. Як вы маглі б гэта пракамэнтаваць?

(Казлоўскі: ) “Я прыхільнік таго падыходу, што ў ваеннай сфэры павінна быць інтэграцыя паміж дзяржавамі. Сумесныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны ёсьць у Эўропе. Ёсьць такая сыстэма ў ЗША і Канады. Аб’яднаныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны выгадныя для любой дзяржавы, таму што гэта таньней. У вайсковым супрацоўніцтве з Расеяй не спрацоўвае тое ж, што не спрацоўвае ў стварэньні саюзнай дзяржавы”.

(Нісьцюк: ) “У вайсковым супрацоўніцтве, як у палітычных і астатніх дачыненьнях, праблемы ўзьнікаюць тады, калі ня могуць дамовіцца палітыкі пра альгарытм сумесных дзеяньняў. Гэта палітычная праблема. Магчыма, праблема ў тым, што калі ажыцьцяўляюцца сумесныя праекты, у тым ліку стварэньня адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны, адзінай памежнай, мытнай сыстэмы, то шмат што фінансавалася расейскімі грашыма. І Расея хоча працаваць згодна з прынцыпам “хто плаціць, той заказвае музыку”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, абароназдольнасьць краіны — гэта ня толькі пытаньне аб стане войску. Яна цесна зьвязана з эканамічным станам краіны, палітычнай сыстэмай, грамадзяскім кантролем над сілавымі структурамі, міжнароднай паліткай, якая павінна ствараць ня штучныя канфлікты, ня ворагаў, а кола добрасуседзтва, сяброў і саюзьнікаў. Калі разглядаць сытуацыю ў такім шырокім кантэксьце, то тут у Беларусі існуе шмат праблемаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG