Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Узьяднаньне Заходняй і Ўсходняй Беларусі як адзін з важных вынікаў вайны для беларусаў


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 19 лютага). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі Юры Грыбоўскі і кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская.

(Валер Карбалевіч: ) “З школьных падручнікаў мы ведаем, што для Савецкага Саюзу Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 году нападам фашыстоўскай Нямеччыны на СССР. Але для Беларусі вайна пачалася значна раней. 1 верасьня 1939 году Нямеччына напала на Польшчу, у склад якой уваходзіла тады Заходняя Беларусь. І значная колькасьць беларусаў ваявала ў Войску польскім зь немцамі, а потым — і з Чырвонай Арміяй, якая ўвайшла на тэрыторыю Польшчы. Дарэчы, нашыя слухачы ўжо задаюць пытаньні наконт гэтай вайны. Што вы маглі б сказаць пра ўдзел беларусаў у вайне 1939 году?”

(Юры Грыбоўскі: ) “Прынамсі, ня менш, чым 70 тысяч беларусаў (менавіта беларусаў, а ня толькі ўраджэнцаў Беларусі) брала ўдзел у так званай “верасьнёвай кампаніі” 1939 году ў шэрагах польскага войска. Трэба сказаць, што беларускія жаўнеры самааддана і самаахвярна змагаліся, баранілі межы той дзяржавы, грамадзянамі якой яны на той час зьяўляліся. Да ліку найбольш буйных баталіяў, у якіх бралі ўдзел беларусы, адносіцца абарона Варшавы. У ліку абаронцаў Варшавы знаходзіліся тысячы беларусаў з Слонімшчыны, Наваградчыны, мабілізаваныя ў часткі 20-й пяхотнай дывізіі Войска польскага.

Дзесьці 63 беларусы бралі ўдзел у абароне Вэстэрплятэ, якая зьяўляецца гераічнай старонкай у гісторыі польскага народу. Беларусы ўдзельнічалі ў абароне Хільскай паўвыспы. У ліку абаронцай знаходзіўся вядомы цяпер беларускі пісьменьнік Янка Брыль. Ён быў тады жаўнерам тэрміновай службы батальёну марской пяхоты. Варта згадаць абарону Берасьцейскай фартэцыі ад нямецкай арміі, якая доўжылася пару сутак. У ліку абаронцаў знаходзіліся палешукі-рэзэрвісты з-пад Берасьця, з-пад Пінску, з-пад Лунінца. Яны супрацьстаялі войскам 19-га панцырнага танкавага корпусу пад камандаваньнем вядомага нямецкага ваеначальніка Ханца Гудэрыяна. У савецкай гістарыяграфіі кажуць пра тое, што гэтая фартэцыя ў 1941 годзе прыняла першы ўдар гітлераўцаў. Насамрэч гэта здарылася на два гады раней.

Паказальна, што вельмі мала было дэзэртыраў сярод беларусаў, якія, апынуўшыся ў заходняй, цэнтральнай частках Польшчы, пэўна ня мелі куды ўцякаць, таму заставаліся ў сваіх аддзелах да апошняга моманту. Пасьля паразы Польшчы ў “верасьнёвай кампаніі” 1939 году беларусы падзялілі лёс польскай дзяржавы, польскіх вайскоўцаў. Больш як 30 тысяч беларусаў апынулася ў нямецкім палоне. Большасьць іх знаходзілася там да канца вайны. Ня менш як 20 тысяч беларусаў апынуліся ў ліку інтэрнаваных польскіх вайскоўцаў на тэрыторыі СССР. Афіцэры былі фізычна зьнішчаны на працягу красавіка-траўня 1940 году. Частка зь іх былі расстраляна ў Катыньскім лесе.

Беларусы бралі ўдзел у ваенных дзеяньнях ня толькі супраць нямецкіх войскаў, але і супраць войскаў Беларускага фронту Чырвонай Арміі, якія 17 верасьня 1939 году перайшлі савецка-польскую мяжу. Тут варта прыгадаць бой, які зьяўляецца бачнай старонкай польскай гісторыі — бой пад мястэчкам Кудзянцы на Аўгустоўшчыне. Там жаўнеры кавалерыйскай брыгады “Ваўкавыск”, якая была сфармаваная на Ваўкавышчыне, з шаблямі й агнястрэльнай зброяй кідаліся на савецкія танкі”.

(Ніна Стужынская: ) “Я хачу адзначыць, як адносіліся дзеячы беларускай палітычнай эміграцыі, што выехалі на Захад у 1920–30-я гады, да гэтых падзеяў. Яны стаялі на пазыцыях незалежнасьці Беларусі і бачылі небясьпеку таксама і ў Польшчы. Яны падтрымалі нямецкі захоп Польшчы. Канечне, погляды гэтых палітыкаў, і погляды шараговых беларусаў — грамадзян Польшчы, адрозьніваліся. Хутчэй за ўсё, дзеячы беларускай эміграцыі ня ведалі, што ўяўляе сабой фашыстоўскі рэжым”.

(Грыбоўскі: ) “Некалькі словаў адносна паваеннага лёсу гэтых беларусаў, якія бралі ўдзел у вайне 1939 году ў складзе Войска польскага. У СССР (і ў БССР) яны ня мелі статусу вэтэранаў. Адпаведна, іх не датычыліся розныя сацыяльныя палёгкі, якія распаўсюджваліся на ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. І толькі ў 1993 годзе, у незалежнай Беларусі, калі быў прыняты новы закон аб вэтэранах, гэтыя людзі нарэшце дачакаліся свайго прызнаньня, пачэснага месца сярод іншых вэтэранаў. У 1995 годзе таксама ўрад Польшчы згадаў пра грамадзянаў Беларусі, якія ў 1939 годзе ваявалі за Польшчу, і адзначыў усіх іх адпаведным мэдалём”.

(Карбалевіч: ) “Пакт Молатава-Рыбэнтропа, асабліва ягоныя сакрэтныя пратаколы, паводле якіх СССР і Нямеччына дзялілі паміж сабою тэрыторыі іншых краінаў — гэта такая ж ганебная старонка другой усясьветнай вайны, які і Мюнхэнская дамова, прыклад цынічнага грэбаваньня лёсамі іншых народаў. Але што тычыцца Беларусі, то ў выніку гэтага ганебнага пакту, падзелу Польшчы, яна атрымала магчымасьць аб’яднаць свае тэрыторыі, што зьявілася важным чыньнікам фармаваньня, кансалідацыі беларускай нацыі. Дык як беларусам ацэньваць гэты пакт і самі падзеі 1939 году зь гістарычнага, палітычнага, маральнага гледзішча? Ці можна разьдзяліць маральныя і палітычныя ацэнкі?”

(Грыбоўскі: ) “Канечне, гэтая падзея атрымлівае розныя ацэнкі ня толькі ў айчыннай гісторыяграфіі, але і, напрыклад, у нямецкай ці польскай гістарыяграфіі. Калі казаць пра Беларусь, то яна апынулася ў становішчы закладніка вялікай палітычнай гульні, якая адбывалася тым часам у Эўропе. На пытаньне, набыла Беларусь ці страціла, цяжка адказаць адназначна. З аднаго боку, беларускія землі аб’ядналіся. Амаль усе этнічныя беларускія землі апынуліся ў межах адной дзяржавы.

Але гэта было зьдзейсьнена коштам страшэнных людзкіх ахвяраў. Заходнебеларуская вёска даведалася, што такое калектывізацыя, раскулачваньне, саветызацыя. 120 тысяч беларусаў было дэпартавана. Гэта былі так званыя “ненадзейныя элемэнты”, сярод якіх шмат заможных сялянаў, лесьнікоў, іншадумцаў. Беларуская інтэлігенцыя заплаціла за гэта жыцьцямі беларускіх дзеячоў, сваіх правадыроў. Тут варта прыгадаць толькі Антона Луцкевіча, які загінуў у савецкіх вязьніцах. Зь верасьня 1939-га да чэрвеня 1940-га ў Беларусі адбыўся страшэнны надлом, страшэнная трагедыя. Але беларуская інтэлігенцыя, эліта спадзявалася, што гэта ўсё часова. Згодна зь іхнымі разьлікамі, хутка павінна была пачацца нямецка-савецкая вайна. І тады ўжо для Беларусі адчыняцца новыя гарызонты, новыя магчымасьці”.

(Стужынская: ) “У гісторыі заўсёды так адбываецца, што з гледзішча гістарычнага маштабу адны вынікі, а з гледзішча асобнага чалавека — іншыя. Аб’яднаньне Беларусі — гэта пазытыўны момант, вялікая падзея, штуршок для разьвіцьця краіны. У выніку аб’яднаньня Беларусь вярнула сваю этнічную тэрыторыю. І гэта вялікі палітычны набытак. Але калі паглядзець на гэтыя падзеі з гледзішча маленькага чалавека, то тут вялікія страты. Геапалітычныя зрухі, перакройка мапы — гэта заўсёды вельмі балюча для людзей”.

(Карбалевіч: ) “А вось што кажа пра гэтыя падзеі нямецкі гісторык Віктар Горыня”.

(Віктар Горыня: ) “Як вы разумееце, у падыходах гісторыкаў ГДР, як і падыходах савецкіх гісторыкаў, усё, што тычыць Заходняй Украіны ці Заходняй Беларусі, выглядала вельмі спрошчаным: Тлумачылі так: Польшча калісьці адхапіла сабе тэрыторыі, а таму ў 1939 годзе, у часе ўзьяднаньня, людзі з радасьцю віталі Чырвоную Армію. Але і тады ў нас быў вялікі сумнеў у зьвязку з гэтым. Былі ня толькі фота, але былі і сьведкі, якія сьцьвярджалі, што далёка ня ўсе людзі радаваліся ўзьяднаньню. Нам было таксама вядома, што нямала людзей з Заходняй Украіны і Беларусі сталі потым нямецкімі салдатамі, служылі ў частках СС. Многія з тых, хто трапілі ў палон, спрабавалі застацца на Захадзе, не хацелі вяртацца на радзіму, сканчалі жыцьцё самагубствам. У 1940 годзе пачаўся працэс саветызацыі — і гэта ня выклікала падтрымкі з боку інтэлектуалаў альбо маёмных сялянаў. Яны ня надта чакалі калектывізацыі”.

(Карбалевіч: ) “Але за гады вайны Беларусь ня толькі набыла ў тэрытарыяльным сэнсе, але і страціла. Страціла Віленшчыну, Беласточчыну. Дык чаго было больш, здабыткаў ці стратаў? І зь іншага боку — цяпер зьявіўся новы модны кірунак у гістарычнай навуцы, калі разглядаюцца няздейсьненыя гістарычныя сцэнары. Дык вось пытаньне з гэтага шэрагу: што было б, калі б Беларусь ня страціла Віленскага краю і Беласточчыны? Як бы гэта паўплывала на сёньняшні геапалітычны стан Беларусі? І ці магла б Віленшчына і Беласточчына стаць такім жа асяродкам беларушчыны, чыньнікам нацыянальнай кансалідацыі, як, напрыклад, Заходняя Ўкраіна ва Ўкраіне?”

(Грыбоўскі: ) “У міжваенны пэрыяд, у 1920–30-я гады Вільня стала асяродкам, калыскай беларускага нацыянальнага руху (палітычнага, культурніцкага). Яна была тым стрыжнем, вакол якога маглі гуртавацца беларускія сілы. Вільня магла прэтэндаваць на ролю сталіцы Беларусі. Што тычыцца Беласточчыны, то трэба адзначыць, што тая частка, якая ў 1939 годзе ўвайшла ў склад БССР, гэта былі далёка не беларускія землі. Такія мясцовасьці як Лапы, Ломжа ніколі не былі беларускімі. І нават у тым жа Беластоку ніколі не дамінавала беларускае насельніцтва. Але разам з тым Бельск, Саколка, частка Бельскага павету з такімі мястэчкамі як Гайнаўка, напрыклад, — гэта цалкам беларускія этнічныя тэрыторыі. З гэтым згаджаюцца і польскія дасьледчыкі. Цалкам верагодна, што яны маглі б адыграць пэўную ролю ў беларускім адраджэньні. Гэта рэгіён з сваёй пэўнай субкультураю. І ён мог бы стаць асяродкам беларушчыны”.

(Стужынская: ) “Першае, што глябальна страціла Беларусь у выніку тэрытарыяльных зьменаў — гэта эўрапейскасьць, кавалак эўрапейскай цывілізацыі. Былі страчаныя людзі, якія не вярнуліся на радзіму, апынуліся ці ў лягерах, ці ў замежжы. Там шмат было людзей з эўрапейскімі каштоўнасьцямі. А наўзамен мы атрымалі больш савецкасьці. Беларусы сталі больш савецкімі. І калі б не было гэтых старатаў, я ўпэўнена, што цяпершняй сытуацыі ў краіне не было б”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, другая сусьветная вайна, у прыватнасьці, яе пачатак была драматычнай старонкай беларускай гісторыі. На жаль, у гэтай вялізарнай усясьветнай драме беларусы, Беларусь не была суб’ектамі палітыкі, гаспадарамі свайго гістарычнага лёсу. Беларусь у асноўным была аб’ектам у гульні вялікіх дзяржаваў. Адзінае, што заставалася рабіць беларусам, — гэта толькі больш ці менш эфэктыўна выкарыстоўваць зьбег гістарычных абставінаў”.
XS
SM
MD
LG