Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучоная рада БДУ асуждае Казуліна за “спробы ўцягнуць БДУ ў палітычныя гульні”


Алег Грузьдзіловіч, Менск У прэсавай службе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту сьцьвярджаюць, што дакумэнт, які падпісалі навукоўцы, быў прыняты “пераважнай бальшынёй галасоў”. З тэксту звароту вучонай рады БДУ вынікае, што гэты орган “рашуча асуджае" былога рэктара А. Казуліна за "спробы ўцягнуць імя БДУ ў палітычныя гульні і інтрыгі”.

Гэтыя спробы навукоўцы ўбачылі ў дзейнасьці былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, чый подпіс стаіць першым пад “Зваротам да беларускага народу”, які надрукавала газэта “Народная воля” 19 лютага.

Былыя калегі спадара Казуліна заявілі, што яны супраць “ператварэньня навучальнай установы ў філію любога палітычнага руху”. “Мы ўдзячныя за тую вялікую падтрымку, якую аказвае прэзыдэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка і ўрад краіны ўнівэрсытэту”, — таксама сьцьвярджаецца ў заяве вучонай рады БДУ.

Прэсавы сакратар БДУ Вольга Шчадрына распавяла, як прымаўся тэкст звароту.

(Шчадрына: ) “Усім раздалі тэкст, выказваліся прапановы, што паправіць, адрэдагаваць стылістычна, але, па сутнасьці, усё было зразумела. Што сапраўды БДУ не патрэбна, каб ён быў у нейкіх палітычных справах”.

Паводле Вольгі Шчадрыной, у вучоную раду ўнівэрсытэту ўваходзіць болей за 90 навукоўцаў, зь іх толькі два чалавекі не галасавалі за зварот, і адзін ўстрымаўся.

Адзін з прарэктараў БДУ паведаміў, што праект звароту атрымаў дастаткова заўвагаў, але ці былі яны ўлічаныя, ён ня ведае. Сваю асабістую пазыцыю што да ўчынку Аляксандра Казуліна гэты чалавек агучыць не пажадаў і папрасіў не называць ягонага імя.

А вось што сказаў былы адказны супрацоўнік БДУ Аляксандар Рухля, які ёсьць каардынатарам руху “Воля народу” па Менску. Аляксандар Рухля ўдакладніў, што зварот, пад якім падпісаўся Аляксандар Казулін, адрасаваны ўсяму беларускаму народу, а ня толькі студэнтам і выкладчыкам ўнівэрсытэту. Між тым, на думку Аляксандра Рухлі, унівэрсытэт таксама ня мусіць быць ўбаку ад працэсаў, якія хвалююць усё грамадзтва.

(Рухля: ) “Мне здаецца, што нічога дрэннага няма ў тым, калі асобныя прадстаўнікі ўнівэрсытэту падтрымалі зварот да народу. Бо ў ім няма нічога крымінальнага. Ён за тое, каб не было адной думкі, адной лініі, а былі апанэнты ў краіне. Мне здаецца, гэта правільна, добра і разумна”.

Два супрацоўнікі БДУ ўжо мусілі звольніцца з той прычыны, што яны падпісаліся пад “Зваротам да беларускага народу” разам з Аляксандрам Казуліным.
XS
SM
MD
LG