Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія прадпрымальнікі сустрэліся з кіраўніцтвам вобласьці


Казімер Яноўскі, Гомель За тры дні да страйку ў Гомельскім аблвыканкаме прадпрымальнікі сустрэліся з прадстаўнікамі мясцовай улады. У другой палове дня ў Гомельскім аблвыканкаме адбылася сустрэча прадпрымальнікаў з кіраўнікамі вобласьці, падатковых, мытных органаў, рынкаў, санітарнай службы. Гаворка вялася ня толькі пра падатак на даданую вартасьць. У прадпрымальнікаў набралася шмат нявырашаных пытаньняў, якія вымушаюць іх распачаць з 1 сакавіка бестэрміновы страйк.

На пачатку размовы намесьнік старшыні аблвыканкаму Ўладзімер Маёраў выказаў незадаволенасьць тым, што, маўляў, прадпрымальнікі замест канструктыўнага дыялёгу ладзяць акцыі пратэсту.

Аднак, як высьветлілася падчас сустрэчы, прадпрымальнікі ўжо ня раз перадавалі ў выканаўчы камітэт свае прапановы наконт зьніжэньня памераў адзінага падатку з улікам велічыні і месцазнаходжаньня населенага пункту, арэнднай платы, уведзенага парадку сэртыфікацыі і гігіенічнай рэгістрацыі тавараў ды шэрагу іншых праблемаў. Ніхто пакуль пад увагу прапановаў прадпрымальнікаў ня ўзяў.

Гаворыць намесьнік кіраўніка рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, прадпрымальнік са Сьветлагорску Анатоль Зьмітровіч:

(Зьмітровіч: ) “Самая галоўная праблема ў тым, што аблвыканкам ня хоча супрацоўнічаць з нашымі прадпрымальніцкімі структурамі. Бальшыня бізнэсоўцаў наважана ладзіць страйк. Частка прадпрымальнікаў паедзе ў Менск дамагацца там сваіх правоў”.

Паводле заяваў на нарадзе прадпрымальнікаў з Рагачова, Рэчыцы, абласнога цэнтру, уведзены цяперашні падатак на даданую вартасьць стаўся апошняю кропляю, якая перапоўніла чашу цярпеньня. Далей ужо працаваць прадпрымальнікам няма сэнсу.

Гаворыць Леанід Невар з Рэчыцы:

(Невар: ) “Рэчыцкія прадпрымальнікі ў сваёй большасьці таксама гатовыя з 1 сакавіка не плаціць падаткаў і распачаць акцыі пратэсту. Даходы прадпрымальнікаў цяпер у два разы меншыя, чымсьці даходы. Далей ужо — нельга”.
XS
SM
MD
LG