Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “Ці ўскладаеце спадзяваньні на ўсталяваньне дэмакратыі ў зьвязку з выказваньнем Джорджа Буша пра Беларусь?”


Галіна Абакунчык, Менск Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Джорж Буш падчас выступленьня на плошчы ў Браціславе заявіў: “Непазьбежна народ Беларусі калі-небудзь з годнасьцю зойме месца сярод дэмакратычных краінаў. Раней ці пазьней, заклік свабоды адгукаецца ў кожным розуме і кожнай душы, і прыйдзе час, калі заклік свабоды дасягне кожнага чалавека і кожнай нацыі”. Ці ведаюць пра гэтае выказваньне грамадзяне Беларусі і ці ўскладаюць на яго спадзяваньні ў справе дэмакратычных пераменаў у краіне? Гэтыя пытаньні мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі вы згадкі Буша пра Беларусь і ці вы спадзеяцеся на зьмену сытуацыі ў Беларусі?”

(Спадар: ) “Выказваньні Буша я чуў і лічу, што гэта паўплывае на дэмакратыю ў Беларусі. Але для гэтага трэба вельмі шмат зрабіць: памяняць чыноўнікаў, у іх камуністычныя старыя замашкі — пад казырок браць. Ня важна, якое рашэньне — станоўчае ці адмоўнае, а яны — пад казырок”.

(Спадарыня: ) “Я пра гэта ня чула, але, думаю, што мы дастаткова дэмакратычная краіна”.

(Юнак: ) “Я пра гэта ня чуў, але ўпэўнены, што крокі будуць. Сьвет, ён аб’ядноўваецца. Гэта значыць, што працэс інтэграцыі Беларусі з эўрапейскімі краінамі, ён непазьбежны. І мае спадзяваньні на Буша, што ён зробіць істотны ўплыў на гэта”.

(Юначка: ) “Менавіта гэтай фразы я ня чула, але па-мойму, іх гэта не павінна тычыцца”.

(Спадар: ) “Чуў па НТВ, што былі словы пра Беларусь, а ў праграме “Час” па ОНТ гэтых словаў ужо не было — гэта па-першае. А па-другое, можна спадзявацца на Буша, можна спадзявацца на Пуціна, але за саміх беларусаў ніхто і нічога рабіць ня будзе”.

(Спадарыня: ) “Не валодаю такой інфармацыяй, але думаю, што нейкія крокі будуць. Бо калі чалавек такое кажа, значыць, ён нейкія крокі мае на ўвазе”.

(Спадар: ) “Гэтага выступленьня я ня чуў, але чуў, што Эўразьвяз прыняў нейкае рашэньне, кшталту “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, які ЗША прынялі. Хочацца верыць, што нешта адбудзецца, але ўпэўненасьці, што так будзе, у мяне няма”.

(Спадар: ) “Палітыкі могуць гаварыць усё што заўгодна, але палітычны лад у краіне ад гэтага ня зьменіцца абсалютна”.

(Спадар: ) “Так, я чуў пра выступленьне Буша і лічу, што заява такога палітыка мае вельмі вялікае значэньне. Гэта ж не азначае, што нас абставяць танкамі і ракетамі, але міжнароднае меркаваньне для нас мае вялікае значэньне”.

(Спадар: ) “Так, я чуў і спадзяюся, што так і будзе, бо Амэрыка моцная і ўплывовая краіна, і ад яе шмат што залежыць у нашым сьвеце. Ды ўрэшце і дыктатура ж ня вечная”.

Гл. таксама • Джордж Буш: “Непазьбежна народ Беларусі калі-небудзь з годнасьцю зойме месца сярод дэмакратычных краінаў”
XS
SM
MD
LG