Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста “Народнай грамады” звольнілі зь Берасьцейскай мытні


Алег Супрунюк, Берасьце Васіль Ваўранюк, які 24 гады адпрацаваў у мытных органах, лічыць, што такім чынам яго пакаралі за палітычную і грамадзкую дзейнасьць.

Сябры Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” на гэтым тыдні абралі кіраўніком сваёй суполкі Васіля Ваўранюка. Гэтае рашэньне супала зь іншай падзеяй: спадара Ваўранюка звольнілі з працы. Вось што на гэты конт гаворыць сам актывіст “Народнай грамады”.

(Ваўранюк: ) “Са мной ня быў працягнуты кантракт пасьля 24-гадовай працы ў Берасьцейскай мытні, хаця я не парушыў ніводнага пункту кантракту. Затое я браў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі 2004 году на баку апазыцыі”.

Спадар Ваўранюк кажа, што ў леташнюю выбарчую кампанію ад мытнікаў увогуле патрабавалі рабіць шмат таго, што ніяк не зьвязана зь іхнай службовай дзейнасьцю.

(Ваўранюк: ) “На выбарах мытнікі прымусова павінны былі галасаваць датэрмінова. За гэтым пільна сачыла кіраўніцтва мытні. Кожны дзень даваліся даведкі начальніку Берасьцейскай мытні Мікалаю Сьвірыду пра тое, хто яшчэ не прагаласаваў датэрмінова. Непасрэдна на выбарах я быў назіральнікам і склаў пратакол аб фальсыфікацыях падчас падліку галасоў”.

Паводле словаў спадара Ваўранюка, адразу пасьля выбараў кіраўніцтва мытні папярэдзіла яго, што актыўная палітычная дзейнасьць можа паўплываць на падаўжэньне кантракту, які скончыўся сёлета ў лютым.

Намесьнік кіраўніка Берасьцейскай мытні Канстанціна Руцкага абвяргае вэрсію пра тое, што Васіля Ваўранюка звольнілі паводле матываў, не зьвязаных зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю.

(Руцкі: ) “Ну якія могуць быць палітычныя падаплёкі... Мы палітыкай увогуле не займаемся і ня хочам у яе лезьці. Ня толькі з Ваўранюком, але і зь іншымі мытнікамі кантракты не працягнутыя з прычыны адсутнасьці вышэйшай адукацыі і непрыняцьця захадаў дзеля яе атрыманьня”.

Цягам апошніх двух гадоў на Берасьцейшчыне паводле ініцыятывы адміністрацыяў розных установаў пазбавіліся працы актывісты “Народнай грамады” Ігар Маслоўскі, Георгі Руцкі, Натальля Акаронка, Аляксандар Долмат. Акрамя таго, кіраўніцтва Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту прымусіла звольніцца старшыню гэтай партыі Анатоля Ляўковіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG