Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці ўжо не засталося ніводнага раёну, дзе б не было ВІЧ-інфікаваных


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці колькасьць ВІЧ-інфікаваных павялічылася за мінулы год на 288 асобаў і перавысіла агулам 3,5 тысячы. Пашыраецца і наркаманія. Што ў гэтай сытуацыі робяць габінэты прафіляктыкі СНІД, пункты абмену шпрыцаў?

Чаму варта зьвяртаць увагу менавіта на дзейнасьць габінетаў ды пунктаў прафіляктыкі СНІД? У іх асаблівая роля ў справе абмежаваньня распаўсюду небясьпечнай інфэкцыі: праз такія габінэты ды пункты ўсталёўваюцца кантакты з нарказалежнымі людзьмі, распаўсюджваецца адпаведная літаратура, ствараецца поле даверу. Усё-ткі, калі ў пункт абмену шпрыцаў прыходзіць наркаман, тым больш ВІЧ-іфікаваны, здае скарыстаныя шпрыцы і бярэ ўзамен стэрыльныя, значыць, ён ня кідае брудныя шпрыцы абы дзе, не стварае пагрозы акружэньню.

Вось што кажа на гэты конт ВІЧ-інфікаваны наркаман са Сьветлагорску, які назваўся Валерам:

(Валер: ) “Яны павінны быць, такія пункты. Ужо якаясьці абарона ёсьць. Я ўспамінаю ранейшыя гады, калі не было такіх пунктаў даверу, калоліся адным шпрыцам 5 чалавек. А зараз я захацеў укалоцца, зайшоў, узяў, укалоўся”.

У Сьветлагорску дзейнічае два такія пункты даверу. Адкрыты яны пры падтрымцы прадстаўніцтва ААН і мясцовай улады. Тут бясплатна выдаюцца новыя шпрыцы і прэзэрватывы. Наколькі запатрабаваны такія пункты сярод наркаманаў, сьведчыць сацыяльны работнік пункту Алесь Хадановіч:

(Хадановіч: ) “Прыходзіць да 50 чалавек. Бывае, і 10 чалавек. Меней 10 чалавек не бывае. Усе рады, удзячныя. Нават кніга водгукаў ёсьць, у якую яны запісваюць свае пажаданьні”.

Удакладню: спадар Хадановіч падаваў лічбы наведваньня пункту даверу цягам чатырох вечаровых гадзін, калі ён бывае адчыненым.

Не сакрэт, што ВІЧ-інфікаваныя ды наркаманы ёсьць і ў іншых месцах: на жаль, у вобласьці ўжо не засталося ніводнага раёну, дзе б не было ВІЧ-інфікаваных. Пасьля Сьветлагорску (1981), найбольшая колькасьць заражаных на сьмяротную інфэкцыю жыве ў Жлобінскім раёне (603), у абласным цэнтры (344), у Рэчыцкім (153) Акцябрскім ( 121) раёнах, у Мазыры (112), Калінкавіцкім раёне (89)… і гэтак далей, у сыходным парадку.

Ёсьць і пункты абмену шпрыцаў: у Мазыры ён існуе пры наркалягічным габінэце, у Рэчыцы – пры цэнтры здароўя. Тры такія пункты існуюць і ў Гомелі. Адзін у Касьцюкоўцы ў інфэкцыйным шпіталі, два іншыя – у паліклініках №№11 і 13.

І што характэрна: калі ў Сьветлагорску ў пунктах абмену выдаюць за год да 120 тысячаў шпрыцаў, то ў Гомелі абменьваюць усяго 100-200 штук. У гарадзкога бюджэту проста бракуе сродкаў на падобныя абарончыя акцыі.

На яшчэ адзін бок дзейнасьці пунктаў, прынамсі, у паліклініках №№11 і 13, зьвяртае ўвагу загадчык аддзелу прафіляктыкі СНІДу абласной санітарнай службы Алег Суятноў:

(Суятноў: ) “Малаэфэктыўна яны працуюць там. Бяда ў тым, што ўсё-ткі яны нерацыянальна разьмешчаны. Калі б яны былі разьмешчаны па-за тэрыторыямі шпіталёў, то наркаман у прынцыпе не баяўся б ісьці, ён не баяўся б засьвяціцца”.

Паводле спадара Суятнова, гарвыканкам бачыць у гэтым праблему. Адпаведным службам даручана адшукаць прыдатныя памяшканьні.

А пакуль колькасьць ВІЧ-інфікаваных павялічваецца і ў абласным цэнтры. За леташні год – амаль на 14 адсоткаў. У Рэчыцкім раёне – на 24 адсоткі, у Веткаўскім – удвая. Урач– нарколяг і псыхіятр са Сьветлагорску Ўладзімер Раманцоў кажа пра гэта так:

(Раманцоў: ) “Заўсёды ў нашым жыцьці былі, ёсьць і будуць дурні, якім, што ў лоб, што па ілбу, але усё роўна яны будуць ужываць наркату. Тым больш, што наркотыкі – гэта бізнэс. Наркабізнэс! І тыя, хто імі гандлюе, не дапусьцяць таго, каб сфэра іх уплыву на атрыманьне грошай скарацілася. Праводзіцца, канешне, актыўная кампанія распаўсюду наркотыкаў. Тыя, што імі гандлююць, на жаль, гандлююць, нягледзячы на ўсю барацьбу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG