Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: жыхар Белаазёрску пагражае спаліць сябе перад рэзыдэнцыяй прэзыдэнта


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

Івацэвіцкая “Газэта для вас” працягвае адсочваць сытуацыю з галадоўкай жыхаркі вёскі Яглевічы Валянціны Налівайкі, якая такім чынам выказвае свой пратэст супраць неправамерных дзеяньняў міліцыі. Спадарыня Налівайка з 18 студзеня да 13 лютага піла толькі ваду, зараз ужывае сокі. “Што будзе далей – ня ведаю”, гаворыць Валянціна Леанідаўна. “Магчыма, празь некалькі дзён я зноў буду галадаць. Я падышла ўжо да таго парогу, калі лепш памерці, чым не дабіцца праўды...”

А жыхар Белаазёрску пагражае спаліць сябе перад рэзыдэнцыяй прэзыдэнта ў сталіцы, і паведаміў пра гэта кіраўніку дзяржавы. Матэрыял называецца “Тэлеграма прэзыдэнту”.

У Вялейцы днямі высадзіўся культурны дэсант, паведамляе маладэчанская “Рэгіянальная газэта”. На сустрэчу са сваімі прыхільнікамі са сталіцы прыяжджалі рэдактар часопіса “Архе” Валерка Булгакаў, паэт Андрэй Хадановіч, бард Зьміцер Бартосік.

“Нічога няма смачнейшага за бліны”, сьцьвярджае “Рэгіянальная газэта”. А бліннай сталіцай па праву лічыцца вёска Любань, што пад Вялейкай, куды на Масьленіцу звычайна зьяжджаюцца аматары бліноў з Маладэчна і Менску.

Толькі 5% абітурыентаў могуць выканаць тэст цалкам, лічыць дырэктар Інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў. Ён адказвае на самыя гарачыя пытаньні абітурыентаў. А ўступная кампанія стартуе ўжо 1 сакавіка, паведамляе “Комсомольская правда” в Белоруссии”.

“Вала зьядуць, пакуль зайца заб’юць”. “Камсамолка” разьбіралася ў асаблівасьцях нацыянальнага паляваньня. Вавёрак і гарнастаеў апошнія 20 гадоў ніхто не чапае – непрыбыткова. На зайцоў таксама паляваць сталі менш – зьявілася больш буйных зьвяроў. Найбольш папулярныя ў паляўнічым рэйтынгу дзік, ліса, лось, касуля, воўк. Пра тое, у якую капеечку абыходзіцца замежніку паляваньне ў Беларусі, чытайце ў пятніцу ў “таўстушцы”.

“Витебский курьер” з гонарам паведамляе, што ў пятым творчым конкурсе для журналістаў “Польшча – прыязная суседка Беларусі”, які штогод праводзіць польская амбасада, першае месца прысуджана карэспандэнту менавіта гэтай газэты Ўладзіміру Шыку, якому ўручылі ганаровы дыплём, прэмію ў 250 даляраў і памятны падарунак.

Не перастае зьдзіўляць сваіх прыхаджанаў 85-гадовы ксёндз-прэлат Ёзас Булька зь вёскі Мосар Глыбоцкага раёна. Ён усталяваў самы вялікі ў Беларусі хрысьціянскі крыж вагой у 11 тон, хутка паблізу зьявіцца пяцімэтровая фігура Хрыста. Побач з храмам сьвятар пабудаваў паркавы комплекс з эстрадай і спортпляцоўкай, нядаўна закупіў дзесятак пар лыж. Летам ксёндз зьбіраецца ладзіць пленэр скульптараў на біблейскія тэмы.

А Віцебскі заапарк хоча абмяняць касуляў на паўлінаў і папугаяў. Грошай на будаўніцтва вальеру няма, а касуляў у заапарку ажно тры. І калі іх проста пусьціць гуляць па тэрыторыі, то ўвесну тройца абскубе ўсю траву і клюмбы, піша “Витебский курьер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG