Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карыстаньне платнымі сэксуальнымі паслугамі будзе ў Літве карацца штрафам


Тацяна Поклад, Вільня Паводле Міжнароднай Арганізацыі Міграцыі ў Літве цягам апошніх гадоў павялічваецца колькасьць грамадзянак Беларусі, якія прымусова займаюцца прастытуцыяй. Дагэтуль, паводле існуючых законаў, іх каралі штрафамі і высылалі з краіны за нелегальную дзейнасьць. Цяпер Літва першай на постсавецкай прасторы зрабіла канкрэтны крок дзеля змаганьня з гандлем людзьмі.

Урад Літвы падтрымаў зьмены ў Адміністрацыйным кодэксе – паводле новых правілаў, асобы, якія карыстаюцца платнымі сэксуальнымі паслугамі, павінны будуць плаціць штраф.

Раней штрафаваліся толькі асобы, якія займаліся прастытуцыяй, але не іх кліенты. Цяпер і для іх кліентаў прадугледжаная кара – першы раз штраф у памеры да 500 літаў (200 даляраў), другі раз – да 1000 літаў ( 400 даляраў) альбо адміністрацыйны арышт на 30 сутак. Пры гэтым, з улікам нормаў міжнароднага права будуць створаныя прававыя мэханізмы, якія вызваляць ад адміністрацыйнай адказнасьці тых, каго прымусілі займацца прастытуцыяй.

Раней у Літве гучалі прапановы легалізаваць прастытуцыю дзеля кантролю за ёй і папаўненьня бюджэту, але гэтыя ідэі былі адрынутыя пасьля рэзкай крытыкі у грамадзтве.

Новыя правілы будуць дзейныя пасьля зацьверджаньня ў Сойме. Адказнасьць за карыстаньне платнымі сэксуальнымі паслугамі існуе у трох скандынаўскіх краінах (Швэцыі, Нарвэгіі, Фінляндыі), а таксама ў ЗША, Канадзе, Вялікай Брытаніі, Тайляндзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG